Роўнае гучнае гудзенне сустрэла нас яшчэ на падыходзе да пасекі, якую гараджанін арганізаваў на прысядзібным участку.
– Тры гады таму пачынаў з трох вулікаў, – распавёў Юрый Новікаў. – А зараз у мяне 44 пенаплексавыя дамкі. Вывучыў тэму, параіўся з прафесіяналамі і вырашыў выбраць замест традыцыйнага драўлянага вулея сучасны аналаг. Яны цёплыя, а значыць, пчоласем’і лепш пераносяць зіму, няцяжкія, лягчэй транспарціраваць частку пасекі да квітнеючых культур. Дарэчы, зараз шэсць вулікаў у мяне «на грачысе». Такі від мёду яшчэ не атрымліваў ад сваіх «працаўніц».
А вось разнатраўе ў дабрушаніна – нязменны фаварыт на стале. Хаця, парадаксальна, мужчына прызнаецца, што ўжывае прадукты пчалярства не кожны дзень.
– Мне цікавы сам працэс атрымання мёду, догляд за пчоламі. Гэта ж фантастыка! – удакладніў Юрый Новікаў. – Дзякуючы сябру Сяргею калісьці вырашыў таксама паспрабаваць гэтае хобі і «заліп». Планаў на будучае таксама нямала. Думаю, што ў наступным годзе мая вотчына прырасце яшчэ большай колькасцю пчолак. Ёсць цікавыя пароды, якія хацелася б прыдбаць. Так, пчолы – не пушыстыя зайцы, могуць і ўкусіць. Але калі прытрымлівацца тэхнікі бяспекі і любіць сваю справу, салодка будзе і на сэрцы, і ў скрынцы з новым ураджаем.