У вёсцы Чырвоны Партызан працягваецца рэстаўрацыя драўлянага храма пачатку ХХ стагоддзя

На аднаўленні помніка дойлідства працуюць мясцовыя паслушнікі і работнікі прадпрыемства «Добрушскі камунальнік».

– Каб зняць старое пакрыццё, спатрэбіліся аўтавышка і мыйка высокага ціску, – расказаў машыніст пад’ёмніка Міхаіл Піскуноў. – Будынак поўнасцю падрыхтавалі і пачалі пакрываць свежай фарбай. Абавязкова – блакітнага колеру, таму што ён мае глыбокае сімвалічнае значэнне ў праваслаўі і асацыюецца з Маці Божай.

Пакуль гутарым з камунальнікам, за царквой змаўкае гудзенне электракасы, ветрык нясе пах скошанай травы. Падыходзім да мужчыны ў ахоўнай масцы і даведваемся, што гэта ленінец Анатолій Аўраменка, па працоўнай кніжцы – апальшчык у магазіне, па покліку душы – паслушнік чырвонапартызанскай царквы.

– Работы прыкладна на сярэдзіне: фасады гатовы напалову, далей плануецца абнаўленне купалаў, – прыкідвае аб’ём таго, што трэба зрабіць суразмоўнік. – Хаця дакладна вам скажа бацюшка. А я стараюся проста рабіць неабходнае якасна і з верай у душы.