Мы спыталі жыхароў Добрушчыны, якія кнігі яны любілі чытаць на школьных канікулах

Ужо і не сярэдзіна чэрвеня, а некаторыя вучні нават не бралі ў рукі спісы літаратуры на лета. Так, пагуляць на вуліцы трэба (рух – жыццё!), але пакуль надвор’е хмарнае і ветранае, можна заняцца карысным адпачынкам.

Што ж з пераліку кніг выбраць першым? Што застанецца ў думках на гады? Аб любімай дзіцячай літаратуры пацікавіліся ў сяльчан і гараджан.

Наталля КІСЯЛЁВА, загадчык Дома культуры, Перарост:

– Казкі любіла чытаць з першага класа. У школьнай бібліятэцы было шмат тамоў: і творы народаў свету, і рускія, і беларускія… Нават «Казкі народаў Поўначы» з цікавасцю чытала, дзе галоўнымі героямі былі алені, белыя мядзведзі ды вароны.

Праз фантастычныя народныя гісторыі, на мой погляд, можна прывіць малым галоўныя жыццёвыя каштоўнасці: важнасць сям’і для чалавека, патрыятызм, уменне сябраваць і адносіны да выбару пары. Таму ўсім раю чытаць дзецям усялякія казкі, міфы, народныя паданні.

Сяргей ЖУРОВІЧ, заатэхнік, Перарост:

– Калі гаварыць адкрыта, чытанне ў пачатковых класах не ўваходзіла ў лік маіх любімых прадметаў. Таму і дома чытаў мала. Жаданне ў вольны час нырнуць у фантастычны свет прыйшло­ да мяне ў падлеткавым узросце.

А пачалося ўсё з камп’ютарнай гульні «Сталкер». Праходзячы ўзровень за ўзроўнем, жадаў пашыраць веданне гэтага свету, пачаў чытаць анлайн першыя аповеды па матывах «Сталкера». Потым – браць у бібліятэцы… Нечаканае захапленне было карысным: пачаў хутчэй чытаць на занятках па рускай літаратуры, пашырыў асабісты запас слоў, знайшоў сярод аднагодкаў такіх жа фанатаў серыі.

Анатолій ТАЛКАЧОЎ, вартаўнік, Крупец:

– Калі пешшу пад стол хадзіў, ужо трымаў у руках «Мурзілку» (смяецца). Час быў такі, 70-я – 80-я гады, што людзі цягнуліся да кніг ды часопісаў. Таму бацькі, калі я хадзіў у школу, выпісвалі не толькі дарослыя выданні, але і папулярныя дзіцячыя. «Кракадзіл», напрыклад, «Зорка».

Дарэчы, у апошняй газеце часта змяшчалі апавяданні аб піянерах-героях. Я чытаў іх і ўяўляў, як мае аднакласнікі, я сам спраўляўся б з такімі страшнымі выпрабаваннямі. І ганарыўся імі, бо нават дзеці зрабілі асабісты ўнёсак у агульную Вялікую Перамогу.

Дзмітрый КАЛІНІН, работнік ЦРБ, Добруш:

– Мне ў маленстве падабаліся гісторыі ад вядомых казачнікаў Ганса Хрысціяна Андэрсана, братоў Грым, Шарля Перо. Мой асабісты фаварыт – казка «Тры парасяці». Для мяне яна пра тое, што стараннасці і мужнасць перамогуць зло.

А з рускіх аўтараў мне заўсёды цікава і проста было чытаць паэмы Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Яны ў вершаванай форме, красамоўныя, здаецца, што сам трапляеш у вір падзей.