Спорт, бульба без пустазелля і гераізм трэццякласніка: запамінальныя фрагменты жыцця Добрушчыны розных гадоў

1948 год

Летні спартыўны сезон адкрыт!

Незвычайна ажыўлена і многалюдна было ў нядзелю 16 мая на востраве, размешчаным вышэй плаціны, злучаючай правабярэжную частку горада з левабярэжнай. На спартыўных пляцоўках, на стартавых бегавых дарожках сабраліся члены спартыўных таварыстваў горада з мэтай адкрыць летні спартыўны сезон.

Пачынаецца спаборніцтва па бегу на 1000 і 100 метраў. На старт выйшла ў спартыўнай форме каля 30 чалавек. Узмах сцяжком, і бегуны пачалі адольваць дыстанцыю. Першым фінішыраваў член спорттаварыства «Папернік» Фёдар Малышаў. Адлегласць на 100 метраў першым прабег рабочы фабрыкі Максімаў.

У спаборніцтвах па прыжках у даўжыню найлепшыя вынікі паказаў вучань 8 класа сярэдняй школы №1 Марозаў, які прыгнуў на 5 метраў 39 сантыметраў.

Па прыжках у вышыню добрыя вынікі паказала вучаніца Сталінскай школы №1 Ходзькіна, прыгнуўшая на 1 метр 15 сантыметраў…

Г. Судакоў

 

1959 год

Высакародны ўчынак Васі Суганякіна

Нядаўна група дзяўчынак вёскі Лявонцьева, Сівінскага сельсавета, збіралі кветкі на беразе мясцовай рэчкі. Сярод іх была і мая чатырохгадовая дачка Валя. Заўважыўшы звісаўшую над вадой кветку, Валя пацягнулася за ёй і апынулася ў вадзе.

Усплёск вады насцярожыў дзяцей. Убачыўшы тапіўшуюся Валю, дзеці пачалі плакаць, крычаць. Гэта пачуў навучэнец трэцяга класа Вася Суганякін, які знаходзіўся непадалёку. Ні мінуты не прамаруджваючы, ён кінуўся ў ваду і выцягнуў страціўшую прытомнасць Валю.

Затым да месца здарэння падаспелі піянеры Сярожа Манькоў, Андрэй Гайдашоў і Сярожа Недадзіраў. Яны аказалі Валі неабходную дапамогу і прынеслі дамоў. Зараз Валя адчувае сябе добра.

За высакародны ўчынак у выратаванні маёй дачкі прашу выказаць Васю Суганякіну праз раённую газету «Зара камунізма» маю шчыраю падзяку.

А. Захараў, бацька Валі

 

1981 год

Утрымліваем у чысціні

У саўгасе «Івакі» поўным ходам вядуцца веснавыя палявыя работы. Агароднінаводы завяршаюць сяўбу агароднінных культур. Адначасова вядзецца догляд пасеваў бульбы, зернявых, гародніны.

Па-ўдарнаму працуе механізатар Іван Якаўлевіч Пархоменка. На днях ён на 15 гектарах зрабіў міжрадковую апрацоўку ранняй капусты.

У чыстым ад пустазелля стане вырашыў утрымліваць пасевы бульбы звеннявы Васіль Пятровіч Аднаочка. Цяпер ён праводзіць рыхленне міжрадкоўя бульбы. Штодня імкнецца перавыконваць даведзенае заданне.

Хімічнай праполкай гароднінных культур занят механізатар Аляксандр Паўлавіч Чуянаў.

Хлебаробы гаспадаркі далі слова сфарміраваць высокі ўраджай усіх сельскагаспадарчых культур у спрыяльных умовах.

М. Кез, галоўны аграном саўгаса «Івакі»