Жывапісец Добрушскага фарфоравага завода расказала, якія навінкі падрыхтавалі на прадпрыемстве да надыходзячых святаў

Узмах пэндзліка – і на талерцы з кобальтавымі кветкамі з’яўляюцца бліскучыя лісточкі.

– Гэта вадкае золата, – тлумачыць работніца ДФЗ з 34-гадовым стажам. – Перад тым, як зрабіць фінальную дапрацоўку каштоўным металам, посуд праходзіць два абпалы ў печы. Пасля нанясення малюнка (дакладна па ўзоры), выраб сохне тры-чатыры гадзіны, і атрымліваецца тая прыгажосць, якую бачаць пакупнікі на палічках нашых фірменных магазінаў. Дакладна гэта калекцыя называецца «Блакітная мара». Сімвалічна.

Потым дабрушанка бярэ ў рукі навінку – шклянку. Грунтоўная рэч! І аб’ём для аматараў піць каву і гарбату з вялікай тары. Акрамя таго, кожны экзэмпляр Святлана і яе калегі з жывапіснага цэха ўпрыгожваюць уручную.

Суразмоўніца прызнаецца, што такі карысны, прыгожы падарунак і сама атрымала б з задавальненнем.

– Вам не бачна, але нават адзін сюжэт кожная з нас, мастакоў, перадае з асабістым настроем, почыркам, – падкрэслівае Святлана Гладчанка. – Ручную работу ці, як зараз кажуць хэндмэйд, землякі выбіраюць для прыемных нагодаў: калі хочуць выказаць некаму павагу, зрабіць блізкаму чалавеку сюрпрыз. У дзень вырабляем толькі каля дзясятка штук, і кожная рэч – асаблівая. А яшчэ такія шклянкі, набор посуду ці пара для гарбаты могуць стаць сямейнай рэліквіяй. Той, якая звязвае пакаленні.