120 юных жыхароў Добрушчыны папоўнілі рады грамадскіх аб’яднанняў

Патрыятычная акцыя, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сабрала ўдзельнікаў і гасцей у раённым Палацы культуры.

Самыя маленькія з іх – другакласнікі Церахоўскай СШ №1 – у хвалюючым чаканні моманту, з якога іх будуць называць акцябратамі. Чырвона-зялёныя гальштукі – на перадплеччах пяцікласнікаў гарадскіх школ. Больш старэйшым школьнікам і прадстаўнікам працоўнай моладзі надышоў час стаць членамі БРСМ і «Белай Русі».

– На мерапрыемства, якое ўпершыню прайшло ў гэты дзень па ўсёй Беларусі, запрасілі лепшых прад­стаўнікоў юнага пакалення, – расказалі ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі. – Гэта права яны заслужылі стараннай вучобай, удзелам у творчых конкурсах, спартыўнымі поспехамі, актыўнасцю ў школьных справах.

Цырымонія распачалася ўрачыстым момантам – агульным выкананнем беларускага гімна. А затым госці мерапрыемства, у ліку якіх – прадстаўнік аддзела адукацыі райвыканкама, лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, прымацавалі значкі, павязалі гальштукі і ўручылі членскія білеты навічкам. Па традыцыі прагучала ўрачыстая клятва піянераў. Патрыятычных нотак дадаў яркі музычны нумар у выкананні гімназістаў. Пасля афіцыйнай часткі свята дзяцей запрасілі ў фае, дзе для іх падрыхта­валі інтэрактыўныя гульні і салодкі пачастунак.

Фота Яўгена УСЦІНАВА