Жыхарка вёскі Дубраўкі Добрушскага раена напярэдадні адзначыла векавы юбілей

Павіншаваць Таццяну Іванаўну Ваўнянка прыехалі старшыня райсавета ветэранаў Аляксандр Старацітараў, кіраўнік Усохабудскага сельвыканкама Ала Хузеева, а таксама лідар пярвічнай ветэранскай арганізацыі Вольга Сердзюкова, работніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, родныя і аднавяскоўцы.

– Здароўя, бадзёрасці, усяго самага найлепшага, – перадаючы імянінніцы букет руж і мяккі плед, пажадала Ала Хузеева. – Ганарымся, што побач з намі жыве такая жанчына. Жанчына з няпростым лёсам.

«Пры немцах жыла ў Васільеўцы»

Хаця Дубраўка – сённяшні дом для доўгажыхаркі, нарадзілася яна ў іншым населеным пункце.

– Мая Васільеўка – гэта вялікая гаманлівая вёска з дзясяткамі цагляных будынкаў, – расказала юбіляр. – Яшчэ болей стаяла звычайных драўляных хат. У нас былі свае паштовы пункт, сельгас­таварыства, пачатковая школа… Сям’я была няпоўная: бацькі я не ведала. Затое былі маці, сястра ды чатыры браты. З вайны вярнуўся толькі адзін.

Успаміны аб часах Вялікай Айчыннай вайны ў свядомасці стогадовай жанчыны больш жывыя, чым тое, што было з ёй трыццаць – сорак гадоў таму. Дачка імянінніцы Святлана кажа, што моманты тых жудасных падзей маці расказвала ёй неаднаразова.

– Нават іх лісты з фронту паказвала. Зараз не ведаю, дзе яны, – удакладніла суразмоўніца. – Знаю, што аднаго з яе братоў немцы ўзялі ў палон пад Кёнігсбергам.

Сама Таццяна Іванаўна часткова перажыла вайну ў сценах роднага дома, а часткова – у зарасніках каноплі і бульбоўніку.

Незадоўга да заканчэння Вялікай Айчыннай фашысты прыйшлі па маці Таццяны. Сказалі, што забіраюць у турму. Тады мама сказала дзяўчынцы: «Пацярпі, дочачка, хутка чырвоныя прыйдуць, вызваляць цябе». Баючыся пом­сты немцаў і паліцаяў, гераіня з сястрой вымушаны былі ўцякаць з роднага дома, хавацца непадалёк ад вёскі.

Адступаючы з Васільеўкі, немцы спалілі населены пункт да тла. Нават цагляныя пабудовы не вытрымалі варожага націску. У хату, у якой жыла Таццяна Іванаўна з роднымі, фашыст кінуў гранату. Калі дзяўчына падышла да знаёмага ўчастка, там тлела вуголле і дыміліся абпаленыя цагліны.

Адраджэнне

Адбудоўвацца пагарэльцам дапамагалі салдаты, пасля па адным-двое пачалі вяртацца дадому суседскія мужчыны.

– Чакала, вядома ж, братоў, – успамінае Таццяна Ваўнянка. – Але яны не прыходзілі. Не праз месяц, не праз паўгода. Вярнулася маці.

Першыя пасляваенныя гады гераіня называе ледзь не такімі ж складанымі. Разруха, голад і бясконцая, цяжкая праца. На калгасных палетках, на ўласным падворку.

– Мне толькі споўнілася васямнаццаць, але дзяцінства і не было. Як і літасці. Па-іншаму нельга выстаяць. Адразу пайшла ў калгас у паляводчую брыгаду, – распавяла жыхарка Дубраўкі. – Лён палолі, ірвалі. І ў агародзе так жа. Са свайго тканіну з мамай выраблялі, тым трымаліся. Таксама аднавяскоўцы замаўлялі ў нас вышытыя мужчынскія кашулі. На свята. Памятаю, чырвоныя ромбікі, крыжыкі рабілі – нацыянальныя ўзоры.

Праз некалькі гадоў сура­з­моўніца выйшла замуж за суседа Івана. Нарадзіла траіх дзяцей.

Сёння ў яе да таго ж шасцёра ўнукаў, сямёра праўнукаў. Жывуць родныя не на Добрушчыне. Некаторыя нават не ў краіне. Але ўсіх бабуля любіць, нумары тэлефонаў кожнага ведае на памяць.

Дачка Святлана і нявестка Яўгенія згодна ківаюць галовамі.

– Яна ў нас моцная духам. З характарам, – гавораць жанчыны.

Хаця цяпер Таццяна Іванаўна жыве адна, сам на сам яе не пакідаюць. Унукі рэгулярна тэлефануюць, дачка з нявесткай прыязджаюць (зімой увогуле жывуць з доўгажы­харкай). Ёсць у Таццяны Іванаўны і памочніца ад ТЦСАН. Сацработнік Таццяна Казека адна з першых павіншавала сваю падапечную з векавым юбілеем.

– А вы ведалі, што працоўны стаж вашай суразмоўніцы – 37 гадоў? – удакладніла сацработніца. – І цяпер яна час ад часу наведваецца ў свой агарод, асабліва да любімых кветнікаў. Бачылі, колькі каля дома хрызантэм? Вельмі іх любіць. Што яшчэ падабаецца Таццяне Іванаўне, дык гэта дамашнія блінцы, пах пратопленай печкі. Раней яна і хлеб сама пякла, гаспадарку трымала. Зараз хай лепей паберажэцца. А я да аўталаўкі схаджу, у пакоях лад навяду.

Шмат цёплых слоў і кампліментаў на стагоддзе атрымала Таццяна Ваўнянка. А таксама – новы пашпарт. Дакумент, якія пацвярджае: цяпер на Добрушчыне жыве яшчэ адна доўгажыхарка 100+.