Жыхарка Ігаўкі Добрушскага раёна Надзея Мальцава выпісвае раённую газету сорак гадоў. І перарываць традыцыю не збіраецца

– Шчыра кажучы, я нарадзілася не тут і пасля пераезду яшчэ год-два прыглядалася да «Ленінца» (так называўся «ДК» да 1993 года), – распачала размову жанчына.

Але яна зразумела: жыццё ў вёсцы без газеты – як страва без спецый: нічога незвычайна-цікавага. Таму пайшла на пошту і аформіла падпіску. І з тых пор Надзея з мужам Канстанцінам – чытачы «Добрушскага краю».

Больш таго, у сям’і Мальцавых ёсць нават негалоснае спаборніцтва: хто раней возьме з паштовай скрыні свежы нумар, той першым яго і чытае. Цікава ж, што здарылася за апошнія дні ў раёне і свеце. Таму кожны ў сераду і суботу не-не, ды і зірне за брамку: ці не прыязджала паштальён?

Надзея Мальцава ўсміхаецца і гаворыць, што асабліва любіць суботнія нумары. Там болей аб’яў, інфармацыі і рэкламы!

– Для нас з мужам важна, што на старонках «Добрушскага краю» мы можам знайсці і кантакты майстра, калі, напрыклад, зламаўся халадзільнік, ці паглядзець, у каго з землякоў юбілей, – кажа жанчына. – Я па натуры дамасед. Дзе яшчэ знайду крыніцу праўдзівай, прафесійнай інфармацыі аб малой радзіме?

Дарэчы, Надзея Мальцава з задавальненнем не толькі чытае «ДК», але і глядзіць відэа журналістаў пра Добрушчыну ў Цік Ток. Падкрэслівае, што адно другому не перашкаджае.

– На экране – атмасфера, эмоцыі, а на паперы – грунтоўнасць і поўная карціна падзеі, – тлумачыць суразмоўніца. – Так што чакайце нас і надалей у ліку сяброў «ДК». Больш скажу, я і ў рэкламнай акцыі планую прыняць удзел. Любімая газета дорыць прадчуванне свята не горш за Новы год!

Фота Яўгена УСЦІНАВА