Пад нагамі на вуліцы – снежная «каша», а тэрмометр на шыбе нарэшце ўзляцеў да +2 градусаў. Пара радавацца? Не, кажуць сіноптыкі. Гэта не канчатковая сітуацыя, на выхадных зноў пахаладае. – Да што ж такое! – бядуюць дабрушане. – У планах столькі спраў! Нам стала цікава: чаго ж жадаюць землякі пасля пацяплення? Аб гэтым і спыталі нашых сяльчан.
Анатолій МАРЧАНКА, пенсіянер, Кругавец-Калініна:
– Чакаю адступлення халадоў і сходу снегу, каб адкрыць агародны сезон. Галоўная справа – гэта падрыхтаваць маю маленькую цяплічку да севу насення і высадкі расады. Таксама трэба на будучых градах зямлю ўзрыхліць, угнаенні ўнесці і часнык, што пад зіму саджаў, праверыць.
Зараз як раз купляў у магазіне патрэбнае. Вось пакецікі з памідорамі, перцам балгарскім, зелянінай. Са дня на дзень пачну прарошчваць першыя культуры і адначасова працягну выбіраць больш познія гатункі гародніны.
З першаснага яшчэ невялічкі рамонт плота трэба зрабіць, падфарбаваць агароджу.
Віталій БЕЙЗЕРАЎ, вадзіцель, Лагуны:
– Першае, што хачу зрабіць,– убраць падалей у шафу зімовае адзенне і абутак. Так, спачатку ўсё трэба памыць-пачысціць, прывесці ў божаскі выгляд і толькі потым схаваць у далёкі кут. Каб больш халады не вярнуліся.
Таксама ў планах – паесці першых у гэтым годзе шашлыкоў. Люблю гэтую справу! Такі рэлакс: сакавітае мяса толькі-толькі з вуголля, салата з агуркоў-памідор ды свежае паветра! Лепата!
Валянціна БОНДАРАВА, загадчык склада, Леніна:
– Ох, задач на плюсавую тэмпературу за вакном намеціла для сябе нямала. Спачатку планую прыбрацца на падворку і вакол. Жыву ў доме, побач дрэвы, кусты. Лісце падае! Ведалі б вы колькі. І ўвосень граблі не прастойвалі, і пасля зімы, думаю, спатрэбяцца, каб рэшткі кроны выдаліць. Добра, што закампасціраваць іх можна, карыснымі ўгнаеннямі стануць.
Вясной таксама раблю генеральнае прыбіранне дома. А каб вокны памыць, іх адчыніць трэба. Такімі работамі займаюся толькі калі цёпла ды сонечна. Так спакваля будзем гатавацца да Вялікадня.
Святлана ХАЙНОЎСКАЯ, повар, Ігаўка:
– З прыходам цяпла буду атрымліваць бязмерную асалоду ад надвор’я і прыроды навокал (смяецца).
На мой погляд, самае галоўнае – гэта даць арганізму адаптавацца пасля такой доўгай марознай зімы. Думаю падтрымаць свой арганізм вітамінамі, дадаць у рэжым дня больш актыўнасці на свежым паветры, перагледзець рацыён у бок больш карыснай ежы. Таксама трэба прагледзець, якія ягады-сушкі засталіся ў нарыхтоўках, і патрошкі варыць кампоты, ачышчаючы месца ў марозцы пад наступны ўраджай.
І, як спецыяліст, што займаецца харчаваннем, таксама праверу свае запасы саленняў, варэння, сушаных інгрыдзіентаў. Тое, што сапсавалася ці дакладна не стану есці, утылізую. Добрае самаадчуванне і станоўчы настрой – вось мае прыярытэты ў сакавіку.
Фота Яўгена УСЦІНАВА




