Журналісты «ДК» акунуліся ў атмасферу даўніны разам з удзельнікамі абраду «Ваджэнне Сулы»

Рытуалы ў ХХІ стагоддзі?

Па-першае, хачу зрабіць невялічкае прызнанне – фальклор быў адным з маіх любімых прадметаў ва ўніверсітэце. Тое, як непрыкметна і моцна нашае жыццё змацавана са звычаямі продкаў, і сёння выклікае жаданне дакрануцца да мінулага. Хай і ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

А некалькі дзён таму, гартаючы стужку ў адной з сацыяльных сетак, заўважыла аб’яву. У ёй жадаючых запрашалі далучыцца да абраду «Ваджэнне Сулы» ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна. Глядзела на фота і разумела: пабачыць на ўласныя вочы ўнікальны старадаўні рытуал вельмі хочацца. Тым больш, што ён абяцае ўсім удзельнікам здароўе, дабрабыт і абарону ад маланкі на ўвесь год.

Аказалася, што тут адрадзілі традыцыйныя гулянні з песнямі і танцамі ў 2007-м, пасля перапынку ў сорак год. А ў 2019-м абрад, які выконваюць мясцовыя дзяўчаты на другі дзень пасля Вялікадня, увайшоў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гомельшчыны.

Хутка ў поле

У Маркавіцкім ДК нас сустрэлі народнымі песнямі і шчоўканнем фотаапаратаў. Далучыцца да нацыянальных традыцый сабралася некалькі дзясяткаў мясцовых дзяўчат усіх узростаў, а яшчэ з дзясятак навуковых супрацоўнікаў музеяў рэгіёна і проста тыя, хто цікавіцца беларускай культурай.

– Сама я з Калінкавіцкага раёна, на маёй малой радзіме такой вясновай традыцыі няма, – гаворыць мясцовы культарганізатар Дар’я Афончанка. – Першы раз надзела народны строй (жаночы касцюм) і прайшла ад Гадзічава да Маркавічаў у 2020 годзе. З тых часоў штогод не прапускаю гэты прыгожы абрад.

З задавальненнем трэці раз прыязджае на «Ваджэнне Сулы» і баяніст цэнтра культуры Гомельскага раёна Алег Гузь. Пакуль мы разам з музыкантам хаваліся ў цяньку ад не па-вясноваму спякотнага сонейка, суразмоўнік падзяліўся сваімі думкамі.

– Першы раз на свята запрасіў мясцовы энтузіяст Віктар Шыпкоў, – расказаў ён. – Шматдзетны бацька (у Віктара шасцёра дзяцей) не толькі «камандзір» над удзельніцамі рытуалу, але і іх «куцюр’е» ды акампаніятар. Большасць касцюмаў, што на дзяўчатах, – яго рук справа. Кожны шывок на машынцы ці крыжык вышыўкі рабіў сам. Не паверыце, у несвяточны дзень Віктар таксама «ў форме». Але міліцэйскай. Пасада ў яго такая!

Бяжыць «Крынічка» ўздоўж вуліцы…

Першы карагод жыхары суседняга раёна заво­дзяць на пшанічным полі, на ўскрайку Гадзічава. Акуратна ступаючы па буйной зеляніне пшаніцы, жанчыны пачынаюць спяваць. Аўтэнтычнымі мелодыямі просяць прыроду аб урадлівасці, лагодным надвор’і, дабрабыце ў сям’і і вёсках…

– Абавязак бацькоў – не толькі на­карміць ды апрануць дзіця, але і паказаць на сваім прыкладзе, як важна памятаць продкаў, захоўваць іх звычаі. Да таго ж гэта вельмі прыгожа і ярка! – зазначае Віктар Шыпкоў, шпарка перабіраючы кнопкі свайго гармоніка.

Песня ідзе за песняй. Без перапынку. Жывая рака рухаецца спачатку па крузе, а па­сля жанчыны пачынаюць падкідваць угару самых маленькіх дзяўчынак з карагода.

– Расці вялікая! Расці здаровая!

Узлятаючы ў паветра, да­шкаляты радасна смяюцца, а пасля зноў бяруцца за рукі са старэйшымі аднавяскоўцамі і рушаць святочным натоўпам па вуліцы. Так, з песняй і танцам, удзельнікі абраду адпраўляюцца ў Маркавічы. Але напаўдарозе іх спыняюць… духмяныя кулічы ды чырванабокія яйкі. Велікодны стол са стравамі для абрадаўцаў старэйшыя жанчыны сяла выносяць проста на дарогу.

– Хрыстос Уваскрэс! – тройчы вітае сулу (так называюць усіх, хто ўдзельнічае ў святочных дзеяннях) жанчына ў чырвонай хустцы. – Вольга! Квас бярозавы дзе? Нясі неадкладна!

Да стала падыходзяць мясцовыя жыхары. Дзякуюць за захаванне старадаўняй звычкі, цікавяцца справамі знаёмых з суседняй вёскі.

– Гэта наша непаўторнасць і сувязь з продкамі, – падкрэслівае ў размове Віктар Шыпкоў. – Жывая памяць, што павінна не пыліцца на паліцах бібліятэк ці пад шклом музейных вітрын. Вучыце з дзецьмі бабуліны песні, гуляйце ў «Крынічку» – тады дзеці будуць разумець, што такое любоў да Радзімы. Не з лекцый, а сэрцам адчуваючы. Калі няма каранёў – усё! Гэта як забыць свой род. Традыцыя нематэрыяльная, таму асабліва важна не страціць повязь пакаленняў, наш нацыянальны код.

Мост паміж мінулым і сучасным

Наш Прэзідэнт часта падкрэслівае адну асаблівую думку: «Народ, які забывае сваё мінулае, не мае будучыні». І, на гадзіну стаўшы сулой, я зразумела, чаму. Таму што толькі ўзяўшыся за рукі ў адным карагодзе, слухаючы, як ціўкаюць шпакі па-над палеткам, спрабуючы далучыць свой няўпэўнены голас да агульнага нацыянальнага матыву, ты свядома адчуваеш сябе беларусам. Важнай часткай пачэснай нацыі са сваім менталітэтам, сваім вобразам мыслення, вялікім добрым сэрцам. Тым, што падтрымае сябра, дапаможа любому, хто ў гэтым мае патрэбу. Нацыі, якая будзе стаяць за праўду і абароніць сваё.