З якімі пачуццямі дабрушане чакаюць Вялікдзень?

Шыбы памытыя, кулічы астываюць пасля выпечкі, а на пальцах застаюцца не да канца змытыя харчовыя фарбы. Час збірацца ў царкву. Там бацюшка асвеціць кошык са святочнай ежай, і на душы з’явіцца тое самае непаўторнае пачуццё. Якое? Аб гэтым спыталі жыхароў і гасцей Добруша.

Дзіна АЎЧАРОВА, пенсіянерка:

 

– Перад Вялікаднем заўсёды адчуваю асаблівы спакой і радасць. Хаця клопатаў шмат – прыбіраю ў доме і на могілках, фарбую яйкі, гатую святочныя стравы… Але гэта прыемныя клопаты!
Успамінаю, як у дзяцінстве маці нас вучыла традыцыям. Цяпер і я перадаю гэта ўнукам. Так важна, каб у сям’і былі свае добрыя рытуалы. Напрыклад, ра­зам пабыць на службе ў гонар Светлага Хрыстова Уваскрэсення. Так мы гуртуемся, вучым малых паважаць продкаў, мінулае.

Уладзімір САВІЦКІ, госць райцэнтра:

– Як чалавек, у якога заўсёды шмат клопатаў, адчуваю, што свята – гэта магчымасць спыніцца, падумаць пра сэнс. Не вельмі рэлігійны, але Вялікдзень для мяне – сімвал абнаўлення. Люблю, калі ў доме пахне свежай выпечкай, а сям’я збіраецца разам. І яйкі ем з ахвотай. Абавязкова пафарбаваныя шалупіннем цыбулі, як рабілі і дзесяць, і трыццаць гадоў таму.

З раніцы ўстаў, умыўся святой вадой на здароўе. Можна і разгаўляцца. Светлы час!

Тамара МІНКОВА, кладаўшчык:

– Для мяне гэта перш за ўсё эмацыйны ўздым. Адчуваю, як усё навокал змяняецца ў лепшы бок – і прырода, і людзі. Нават нядаўняя хвароба адступіла.

Напярэдадні заўсёды прыязджаюць дзеці з унукамі, і разам мы ходзім у царкву на службу, гэта дае сілы.

Дачка прывозіць свае паскі. Пячэ сама, і такія яны ў яе смачныя ды акуратненькія атрымліваюцца! А мая работа – яйкі фарбаваць ды рыбу саліць. І ніякага алкаголю на велікодным стале! Толькі бярозавік.