Як расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, у творчым спаборніцтве фантазію і прыкладное майстэрства прадэманстравалі энтузіясты васьмі арганізацый раёна.
– Убачыць і ацаніць малыя архітэктурныя формы мы змаглі падчас святкавання Дня горада, – расказаў начальнік аддзела Станіслаў Гаршуноў. – У тэме канкурсантаў вырашылі не абмяжоўваць. І гэта, на мой погляд, правільна. Хтосьці стварыў кампазіцыю з уласным лагатыпам, іншыя зрабілі стаўку на палёт фантазіі ды бездакорнасць выканання работы. Ад імя журы выказваю падзяку кожнаму, хто прыклаў стараннасць і захацеў упрыгожыць родны райцэнтр.
Першае месца ў конкурсе заняў калектыў прадпрыемства «Добрушскі камунальнік». Усё лагічна: па-першае, яны ўвасобілі ў жыццё адразу некалькі арыгінальных ідэй (адны металічныя мурашы чаго вартыя!), па-другое – якасць выканання работ выдатная. Адразу бачна – іх стваралі прафесіянальныя сталяры ды зваршчыкі.
Узнагароду за другое месца ўзялі аўтары дэкаратыўнага веласіпеда з політэхнічнага каледжа. А ганаровае трэцяе месца прысудзілі фарфарыстам – стваральнікам куточка для гарадскога адпачынку.
Усім іншым удзельнікам спаборніцтва ўручылі падзячныя лісты ад райвыканкама.
А дзе ж створаныя архітэктурныя формы? Па словах Станіслава Гаршунова, вясной усе яны будуць упрыгожваць горад. Каб кожны куточак радаваў вока гасцей і жыхароў Добруша.

 
	


