Некалькі дзён таму на ўездзе і выездзе з аграгарадка з’явіліся рукатворныя ўпрыгожванні: парачка рагуль, палявыя васількі, каласы і назва мясцовага сельгаспрадпрыемства «Калінінскі». Ці магла раёнка праехаць міма такога патрыятычнага добраўпарадкавання?
– Мая маці Надзея Дзергачова працуе ў гаспадарцы, я сама родам з гэтых мясцін, таму на прапанову зрабіць штосьці цікавае для вёскі згадзілася адразу, – расказала мастак-аматар Святлана. – Потым пачала фантазіраваць: якія ўзоры і сельскі каларыт пакажуць, і прымусяць пасміхнуцца. Так у праекце з’явіліся гаспадар і гаспадыня, бычок з кароўкай, паміж якімі змясціла «палетак з валошкамі». Як вішанька на торце, самы маштабны аб’ект – горка сенажу ў стрэйч-плёнцы з намаляванай назвай нашай гаспадаркі.
Нягледзячы на тое што па прафесіі дзяўчына – настаўнік пачатковых класаў, на ты з пэндзлікам яна з маленства. Спачатку малявала невялічкія «шэдэўры» ў падарунак маці, пасля займалася ў адпаведным гуртку.
– «Пракачала» творчыя навыкі ўжо ў дзяржаўным педагагічным каледжы імя Выгоцкага, – удакладніла суразмоўніца. – Там педагогі далі тэхніку малявання і дапамаглі вынайсці асабісты мастацкі почырк. Пакуль летам у водпуску, адпачываю ў бацькоў. Чаму б не пакрэатывіць?
Нашу размову перарывае гучны сігнал аўтамабіля.
– Гэта аднавяскоўцы! – усміхаецца Святлана Дзергачова. – Першы раз сама аж скокнула на месцы ад нечаканасці, а потым усё часцей мне пачалі дзякаваць за ўпрыгожанне вёскі вось такім арыгінальным спосабам. Хваляць. А гэта прыемна!