Сёлета фестываль творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту «Які цудоўны гэты свет» адзначае юбілей.
– Мы заўсёды стараемся зрабіць канцэрт яскравым, але ў гэты раз, скажу вам па сакрэце, шоу будзе феерычным, – расказала намеснік загадчыцы дзіцячага садка №3 Добруша Наталля Жаўнова. – У праграме фестывалю – 14 нумароў ад устаноў з усяго раёна. Чырвонай ніткай юбілейнага мерапрыемства стала тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі. І палова нумароў канцэрта – гэта танцавальна-песенныя пастаноўкі пад любімыя ваенныя мелодыі: «Смуглянка», «Кацюша», «Дзень Перамогі».
Перад тым, як заняць месца ў глядзельнай зале, маленькія ўдзельнікі разам з бацькамі і сваімі педагогамі ў фінальны раз «праганялі» ўласныя нумары і фатаграфаваліся на памяць. Цудоўным фонам для здымкаў сталі выставы, што ўпрыгожылі фае раённага Палаца культуры.
– Звярніце ўвагу на мальберты. Тут мы сабралі цікавыя моманты кожнага з папярэдніх гадоў фестывалю, – падкрэсліла Наталля Жаўнова. – Побач арыгінальныя вырабы «Перамога вачамі дзяцей». А работніца дзіцячага садка №4 Алена Аксёнчыкава падрыхтавала відэаролік аб дасягненнях дашкольных устаноў Добрушчыны за апошнія гады. Ганарымся нашымі творчымі педагогамі і выхаванцамі!
…Паўтары гадзіны праляцелі, як імгненне. Кожны выхад маленькіх артыстаў суправаджаўся гучнымі апладысментамі, бо ўсё, што адбывалася на сцэне, было зроблена шчыра і з душой. Таму напрыканцы мерапрыемства ўзнагароды і падзякі атрымалі ўсе, хто зрабіў гэты дажджлівы майскі дзень па-сапраўднаму сонечным. Ад усмешак, яскравых вобразаў і шчырых слоў любві да Радзімы.