Шматдзетная маці з Насовічаў Ала Нагорная ўпэўнена: вялікая сям’я – яе галоўны скарб

Тое, што ў Арцёма і Алы будзе не адзін, і не два маленькія, ім было зразумела з самага пачатку.

– Калі сустрэліся з будучым мужам, са здзіўленнем высветлілі – абодва са шматдзетных фамілій, – адзначае суразмоўніца. – Таму «на беразе» дамовіліся: наша сям’я будзе
шчаслівай і вялікай. Не меней траіх дзетак. Але лёс вырашыў крыху інакш, і зараз мы бацькі чатырох маленькіх Нагорных.

14-гадовая Сафія – старэйшая дачка. Гаворачы пра яе, маці з годнасцю адзначае: памочніца! Разважлівая, кемлівая. А вось малодшая, двухгадовая Варвара, зусім іншая.

– Такая, ведаеце, з характарам! А яшчэ ўмее быць маленькай лісічкай, – усміхаецца Ала Нагорная. – Здараецца, што і нашкодзіць, хочацца ўключыць педагога, а яна так ціхенька: «Мамачка! Не трэба. Я ўсё-ўсё зразумела». І пасміхнецца. Як тут не «адтаяць»?

Радуюць маладых бацькоў і 12-гадовы Цімафей, і 6-гадовая Васіліса. Абодва любяць дапамагаць бацьку ў гаспадарчых справах.

– Арцём, хоць і працуе цяпер у школе вартаўніком, па прафесіі – будаўнік, – зазначае суразмоўніца. – Старэнькую хатку, што дасталася яму ў спадчыну, лічы, толькі сваімі рукамі аднавіў. А дзеці глядзяць ды спакваля бацькоўскую навуку пераймаюць. Хаця Васілісе ў такія хвіліны больш патрэбна татава ўвага, а не будаўнічыя прамудрасці.

За размовай жанчына падзялілася і цікавымі сямейнымі гісторыямі, якія беражэ ў сэрцы. Напрыклад, як выбіралі імёны сваім дзецям.

– Назваць першую дачку Сафіяй прапанавала сястра мужа. А мы падумалі: сапраўды прыгожа. Пасля яна і хроснай для Соні стала. Васіліса – гэта мая ідэя, а варыянт Варвара прыдумаў муж.

З сынам у Нагорных гісторыя асаблівая. Судзіла-радзіла пара, усё ніяк не маглі дамовіцца і ў выніку рашылі падгледзець у царкоўным календары. А там як раз імя Цімафей значылася. На ім і сышліся.

– У вялікай сям’і важна дамаўляцца, а не толькі адстойваць сваю праўду, – кажа Ала Нагорная. – А вось калі мы стараемся праявіць сваю фантазію і асабісты падыход, дык гэта ў выбары падарункаў пад ёлачку. Новы год – наша любімае сямейнае свята. 1 студзеня мы стараемся праводзіць разам дома – глядзім любімыя фільмы, гуляем у настольныя гульні, бо за паўсядзённымі турботамі не заўсёды хапае сіл і часу сказаць словы любві, абняцца і падарыць родным крышку цяпла.

У дружнай кампаніі з таты, маці ды чацвярых дзяцей ёсць і пушыстыя гадаванцы. Каты і сабака, па словах гаспадыні, – выдатны спосаб прывучыць малых да самастойнасці, адказнасці.

– Калі ёсць аб кім клапаціцца, значыць, тады ўсё ў сям’і добра, мір ды лад, – упэўнена шматдзетная насаўлянка. – Я знайшла сябе ў дзецях. Яны акаляюць мяне і дома, і на рабоце ў школе як педагога пачатковых класаў. Іх любоў дарагога каштуе. Дзеці шчырыя ў сваіх пачуццях, і ты адразу разумееш, калі яны цягнуцца да цябе. Гэта самы каштоўны скарб, дзякуючы якому ў маёй душы заўсёды ёсць крыніца натхнення і радасці. Таму не бойцеся і не адкладвайце з’яўленне дзяцей на потым. Станавіцеся шчаслівымі проста зараз.