Поле непадалёку ад цэнтральнай фермы гаспадаркі радуе вока шчытнымі пасевамі без перабольшвання стратэгічнай культуры. І хаця галоўны аграном Данііл Рудзянок не вельмі задаволены ўраджайнасцю люцэрны, яна значна перавышае лічбы многіх гаспадарак раёна.
– Магло быць і лепш, аднак маразы зрабілі сваю справу, – тлумачыць ён. – З гектара збіраем каля 120 цэнтнераў зялёнай масы. Спадзяёмся на другі і трэці ўкосы, бо для бесперабойнага і якаснага харчавання статка закласці патрэбна каля 12 тысяч тон сенажу.
У тое, што будзе яшчэ некалькі ўкосаў, верыцца ахвотна. Работа на гэтым полі літаральна кіпіць. Валкі люцэрны пасля касілкі ўжо падвяліліся, КВК бесперапынна рухаецца ўздоўж поля, трактары і машыны з зялёнай масай у кузавах толькі паспяваюць ад’язджаць ад яго. Наводдаль працуе трактар з раскідвальнікам – уносіць мінеральныя ўгнаенні, якія дадуць моцны старт культуры.
– Нарыхтоўку зялёных кармоў пачалі ўсяго некалькі дзён таму, – працягвае суразмоўнік. – Усяго патрэбна ўбраць каля 1,5 тысячы гектараў люцэрны. Паралельна пакуем у стрэчплёнку і траншэі жыта. Частка масы ідзе на падкормку жывёлам.
Штодзень у полі – два КВК, на адвозцы задзейнічаны тры МАЗы і два трактары, на трамбоўцы – «Кіравец» і «Амкадор». Між тым на чарзе – каля 400 гектараў шматгадовых траў. Іх плануюць выкарыстаць на сена.
– Чакаем стабільнага цёплага надвор’я без дажджоў, – тлумачыць Данііл Рудзянок. – Пакуль прагнозы не радуюць. Сапсаваць высакаякасны корм жадання няма. Таму і марудзім.
Рабіць усё планава і ў тэрмін – адметная рыса «Калінінскага». Ва многім гэта ўдаецца таму, што своечасова скончылі сеў зерневых і высвабадзілі тэхніку і механізатараў. Нават бульбы пасадзілі сёлета значна больш запланаванага – 34 гектары. Пры спрыяльных умовах гаспадарка будзе з добрым ураджаем.