Шчыра прызнаемся: на запрашэнне стаць госцем на уроку “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, прысвечаным сродкам масавай інфармацыі, мы адгукнуліся адразу. І зусім не таму, што Кругавец-Калініна на старонкі газеты трапляе нячаста.
На практыцы ведалі, што вясковыя дзеці выказваюць шчырую цікавасць да ўсяго новага, а таму і сустрэчы з імі заўсёды пазітыўныя і выніковыя. Так і атрымалася.
Добрым сюрпрызам стала сустрэча гасцей у фае ўстановы адукацыі. Адна з работніц школы ў беларускім нацыянальным аддзенні яшчэ з парога прапанавала: частуйцеся, а на невялічкім стале чаго толькі не было!
Аказваецца, прыгатаваннем традыцыйных беларускіх страў мясцовы калектыў падтрымаў акцыю “Кожная пятніца – роднае, сваё”. Гэты прыемны момант і задаў тон усёй сустрэчы.
Мадэратар Людміла Сонцава да ўроку падрыхтавалася выдатна. Прывяла статыстыку пра беларускія СМІ, падрабязна расказала пра вядучыя тэлеагенцтвы, газетныя холдынгі, старэйшыя выданні. Чарговай нечаканасцю стаў відэаролік пра “Добрушскі край” 2020 года выпуску. А потым – шмат пытанняў, жарты і сур’ёзныя размовы пра будучыню.
Дзяцей цікавіла літаральна усё: ад таго, як людзі прыходзяць у журналістыку, да дробязяў газетнай справы. Крыху засмучаўся, адказваючы на пытанні аб самым запамінальным моманце ў працы і гучным правале. Аднак хлусіць, тым больш дзецям, нельга ні ў якім разе.
Закранулі тэмы інфармацыйнай гігіены, заробку журналіста, умоў працы, асабістых якасцяў спецыялістаў. Спадзяёмся, што сярод удзельнікаў сустрэчы знойдзецца некалькі смелых, каму прафесія газетчыка прыйдзецца да душы. Са свайго боку абяцаем: дапаможам і з паступленнем у ВНУ, і з практыкай, і з працаўладкаваннем.
Больше фото — здесь
Фота Яўгена УСЦІНАВА


