Работніку Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы» Андрэю Панамарэнку аб’явілі Падзяку Прэм’ер-міністра Беларусі

Высокую дзяржаўную ўзнагароду за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства дабрушаніну ўручыў старшыня канцэрна «Белляспаперпрам» Аляксандр Пшонны.

– Вы – узор працавітасці і адданасці сваёй справе, годны прыклад для моладзі, – адзначыў госць нашага горада падчас невялікай урачыстасці, якую арганізавалі ў актавай зале адміністрацыі папяровай фабрыкі. Да віншаванняў далучыліся генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры» Аляксандр Каляда, прадстаўнікі кіраўніцтва добрушскага прадпрыемства.

Герой дня аказаўся сціплым чалавекам. Ён – слесар-рамонтнік рамонтна-механічнай службы. Андрэй Панамарэнка прыйшоў на прадпрыемства 28 год назад, адразу пасля школы. Спачатку працаваў слесарам у цэху тавараў народнага спажывання, затым – наладчыкам паліграфічнага абсталявання. Сёння ён забяспечвае бесперабойную работу папераробчай машыны №7. Штодня на працягу вось ужо 18 год праводзіць агляд і дыягностыку абсталявання, пры неабходнасці робіць рамонт.

– Справа няпростая, – кажа вопытны слесар-рамонтнік, – аднак яна мне па душы.

Калегі Андрэя лічаць яго прафесіяналам, якіх трэба пашукаць: ведае кожную дэталь, вызначае паломку па гуку агрэгата і першым позірку, свае абавязкі выконвае на сумленне і таварышам дапамагае. А ён і не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі, тым больш што з папяровай фабрыкай звязана жыццё ўсёй яго сям’і. Андрэй Панамарэнка – прадстаўнік працоўнай дынастыі. Тут працавалі яго бацькі, жонка – кантралёр аддзела тэхнічнага кантролю, сямейную справу працягваюць двое сыноў.

– Ганаруся тым, што належу да калектыву прадпрыемства з багатай гісторыяй і шырокімі перспектывамі, – заўважае адзін з лепшых работнікаў папяровай фабрыкі. – А ў гэты важны для мяне момант хвалюючыя эмоцыі перапаўняюць. Вельмі прыемна пачуць цёплыя словы ў свой адрас, атрымаць высокую ўзнагароду. Значыць, я запатрабаваны спецыяліст, калі маю працу заўважылі і ацанілі.