Работнікі «Калінінскага» збіраюць салому, што засталася пасля жніва

Па полі каля вёскі Ле­бядзёўкі шпарка снуе кампактны «Беларус» з зялёным прэс-падборшчыкам. У кабіне – вопытны механізатар Васілій Шкурко. Заўважыўшы журналістаў, ён спыніў трактар, каб удзяліць нам крыху свайго каштоўнага часу.

На нашых вачах залацістая «катушка» плюхнулася на зямлю. Акурат у адзін рад з іншымі. Адлегласць паміж імі – невялікая, метраў 30–40. Саломы многа, таму «калабкі» атрымліваюцца часта.

– А што тут раней расло? – пытаемся ў работніка. – Іржышча высокае і калючае.

Аказалася, што на гэтым полі было азімае жыта. Культура сёлета парадавала мясцовых аграрыяў шчодрым ураджаем. Дарэчы, Васілій Шкурко і сеяў, і даглядаў яе. Малацілі, праўда, іншыя, аднак механізатар таксама лічыць сябе ўдзельнікам жніва. І гэта справядліва. У сельгаспрадпрыемстве «Калінінскі» ён працуе 38 год. Як прыйшоў адразу пасля арміі, так і застаўся. «Прыкіпеў» душой да працы на зямлі, тэхнікі, аднавяскоўцаў. І за штурвалам камбайна, і за рулём невялікага трактарка адчувае сябе ўпэўнена і камфортна.

– Між іншым, у кабіне майго «Беларуса», якому сем год, ёсць кандыцыянер. Нядаўна ўстанавілі, – хваліцца суразмоўнік. – Гарачае харчаванне кожны дзень прывозяць у поле са сталоўкі нашай гаспадаркі. Гатуюць смачна, стравы сытныя. Вось і мы з калегамі працуем з поўнай аддачай.

Неўзабаве пад’едуць напарнікі. «Зарулоненую» салому пагрузяць у прычэп і павязуць да месца захоўвання каля фермы. Там яе акуратна складуць у вялікую піраміду, каб яна засталася сухой і духмянай як мага даўжэй. Такі прыродны матэрыял з’яўляецца цёплым «дыванком» для жывёлы.

На фота: Васiль Шкурко