Поплеч з дабрынёй: настаўніца рускай мовы і літаратуры Баршчоўскай базавай школы Добрушскага раена расказала, як адна бацькоўская парада вырашыла яе прафесійны лёс

…Па раскладзе ў Наталлі Дробышавай заняткі ў шостым класе. Зялёная дошка, белыя словы крэйдай – «Навуковы стыль маўлення». За партамі хлопчык і дзве дзяўчынкі.

– Работа з маленькімі сельскімі класамі – асаблівая. Настаўнік ведае патэнцыял і таленты кожнага вучня, а калі да таго ж ён класны кіраўнік, тут увогуле ўзнікае цёплае, амаль матчына, пачуццё, – расказала суразмоўніца. – У мінулым годзе я выпусціла дзявяты клас. Вядома ж, сумую за рабятамі. Добры клас быў: артыстычны, старанны. Кожны з выпускнікоў вызначыўся з будучай прафесіяй, пачаў вучобу ва ўстановах адукацыі на ступень вышэй. А я набрала пяты клас. Гісторыя пачынаецца нанова…

Сёння Наталля Леанідаўна – вопытны педагог больш чым з дваццацігадовым стажам. Але ў які момант яна зразумела, што яе прызванне – вучыць дзяцей? Па словах мовазнаўцы, у настаўніцу яна гуляла яшчэ ў пачатковай школе. Саджала на канапу лялек і выклікала іх да імправізаванай дошкі па самаробным журнале.

– Тады ўяўляла сябе на месцы сваёй першай настаўніцы, – усміхаецца Наталля Дробышава. – Канчаткова вырашыла пайсці ў Мазырскі педінстытут у выпускным класе. Бацькі параілі. Са шчырай падзякай кожны раз успамінаю той дзень і ўжо не ўяўляю сябе ў іншай іпастасі. Вельмі люблю дзяцей і свой калектыў.

Дарэчы, для калег Наталля Леанідаўна таксама стала важным чалавекам – лідарам прафкама пярвічкі.

– Таксама я шматдзетная маці, – падкрэсліла суразмоўніца. – Гэта дало мне важнае разуменне: педагагічнае майстэрства павінна ісці поплеч з дабрынёй. Пройдуць гады, а дзеці заўсёды будуць цягнуцца да добрага настаўніка.