Новы сквер у гонар 465-годдзя Добруша з’явіўся на вуліцы Палявой

Так супала, што адзіны дзень азелянення, ініцыяваны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыйшоўся на святочныя для дабрушан дні. Менавіта таму яны вырашылі не абмяжоўвацца дапамогай лясніцтвам, а разбілі ў райцэнтры новы сквер.

– Набылі 50 саджанцаў ліп, столькі ж граба і клёна, – расказаў начальнік участка добраўпарадкавання і азелянення прадпрыемства «Добрушскі камунальнік» Іван Чачанкоў. – А жадаючых пасадзіць імянное дрэўца ў гонар памятнай даты знайшлося нямала.

І сапраўды, на невялікім пятачку насупраць дома №40 сабралася больш за сотню гараджан. Работнікі папяровай фабрыкі і фарфоравага завода, медыкі, педагогі, газавікі і камунальнікі, дарожнікі і энергетыкі, прадстаўнікі сацыяльнай галіны і навучэнцы каледжа. Усе ў адным працоўным парыве прыняліся за разгрузку саджанцаў, копку ям, устаноўку драўляных падпорак, якія першы час будуць падтрымліваць дрэўцы.

– Як правіла, пасаджаныя восенню клёны і ліпы прыжываюцца лепш, – кажа Іван Чачанкоў. – Асабліва, калі ўсё рабіць акуратна і па тэхналогіі. Спадзяёмся, што вясной на кожным з дрэў з’явіцца лісце. А растуць гэтыя пароды даволі хутка.

Нагадаем, што эколагі не абмяжоўваюцца адзіным днём азелянення. Яны заклікаюць жыхароў краіны прыняць удзел у такіх акцыях, як «Сад надзеі», «Пасадзі дрэва», «Дай лесу новае жыццё», «Зялёны двор разам». Толькі агульнымі намаганнямі мы можам захаваць прыроднае багацце Беларусі.