Навінкі ад Добрушскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва захоўваюць прыгажосць роднай зямлі і цеплыню ўмелых рук

Нацыянальны арнамент, нанесены на кавалачак фанеры, выява валошкі на брошцы, надпіс «Я люблю Беларусь» на дэкаратыўным магніце.

Рэчы мініяцюрныя, а столькі фантазіі і творчасці ў кожнай! Кошыкі, шкатулкі, сурвэтніцы, бірулькі, падарачныя канверты – гэта толькі частка вырабаў, якія ствараюць у даволі складанай тэхніцы спецыялісты цэнтра, якім дапамагаюць наведвальнікі.

– Аснова з фанеры, творчая ідэя, камп’ютарны макет, а яшчэ ўменне кіраваць станком лазернай рэзкі і гравіроўкі, – інструктар па працоўнай тэрапіі ТЦСАН Яўгенія Кузьменка пералічвае неабходнае для работы.

Дарэчы, абсталяванне, якое выконвае максімальна дакладную рэзку з дапамогай лазернага праменя, з’явілася ў цэнтры прыкладна год таму дзякуючы спонсарскай дапамозе кіруючай кампаніі холдынга «Беларускія шпалеры». За гэты час на ім выраблена мноства рознай прадукцыі – прыгожай, вытанчанай. Такой, якую не знойдзеш ні ў якой краме.

– Тавар штучны, дызайн індывідуальны, – адзначаюць работнікі ўстановы.

У арыгінальных вырабах ёсць і часцінка душы, і ручная праца. Выразаныя нарыхтоўкі шліфуюць, на іх наклейваюць стразы – каб блішчалі і радавалі вока. А таксама прымацоўваюць зашпількі: рэч павінна быць не толькі прыгожай, але і практычнай.

– Нядаўна выконвалі цікавы спецзаказ ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на выраб сімвалічных медалёў для маладых спецыялістаў і ветэранаў педагагічнай працы. Іх уручылі на раённым форуме напярэдадні новага навучальнага года. Было прыемна, хаця і хваляваліся з калегамі за вынік, – заўважае Яўгенія Кузьменка.

Асобную калекцыю сувеніраў спецыялісты цэнтра прысвяцілі Дню народнага адзінства. З патрыятычнай сімволікай, у беларускім стылі, яны спадабаюцца і жыхарам, і гасцям горада. Дарэчы, у прадстаўнікоў замежных дэлегацый, якія прыязджаюць у Добруш, таксама карыстаюцца папулярнасцю вырабы, якія падкрэсліваюць самабытнасць беларускай культуры і традыцый.

– Калі хочаце здзівіць падарункам на сямейную ўрачыстасць або шукаеце незвычайную рэч, якая падкрэсліць індывідуальнасць блізкага чалавека, заходзьце ў наш цэнтр, – запрашае спецыяліст. – У нас ёсць тое, што трэба менавіта вам!