Марознае надвор’е – лепшая нагода адпачыць на катку Добрушскага стадыёна «Юнацтва»

Па словах адміністратара ўстановы Валянціны Смяглікавай, асноўны наплыў дабрушан прыходзіцца на выхадныя дні, а таксама ў будні пасля шасці вечара, хоць каток і працуе штодня.

– Прычым да 22.00. Людзі аб гэтым ведаюць, таму паспяваюць перад візітам да нас адшукаць у шафах самыя цёплыя рэчы і добра падсілкавацца. Гэта важна! Мінімальны тэрмін катання – 1 гадзіна. У такі мінус энергіі патрэбна шмат.

У каго хапае імпэту на любімую зімовую забаву, дык гэта ў школьнікаў. Пабачыўшы журналістаў, да борціка ліха падкатваюцца трое хлопцаў. Браты Шупляцовы ды іх сябра Іван Рамашка – вучні СШ №2 Добруша. Пытаем, хто навучыў рабят катацца на каньках?

– Усё самі, – у адзін голас адказалі суразмоўнікі. – Сумна стала пасля ўрокаў у кватэры сядзець, сабраліся – і сюды.

– Канькі нам падабралі хутка, – расказвае Іван Шупляцоў. – Вось спрабуем ужо з паў­гадзіны. Ведаеце, трошкі атрымліваецца. У цэлым, вельмі падабаецца! Холадна?

Зусім не! Нават разагрэўся, пакуль з хлопцамі ў даганялкі гулялі.

Дарэчы, адміністратар падкрэсліла: прыходзіць на каток можна землякам усіх узростаў, у наяўнасці канькі ад 36-га да 45-га памераў. Цана – сімвалічная, а задавальнення ды эмоцый – мора.

– Акрамя масавых катанняў можна заняцца і лыжным спортам, – удакладніла адміністра­тар стадыёна. – Лыжы і абутак чакаюць гараджан на стойцы побач з канькамі.