Усяго ў іх шасцёра дзяцей, расказала маці Вераніка.
– Вадзім – добры хлопчык, – падкрэсліла яна. – Жвавы, цікаўны. Галоўны памочнік па гаспадарцы! Увогуле, ён бацькаў «хвосцік», усюды за ім. І ў школу таксама бацька Вадзіма павядзе.
Да важнага кроку ў дарослае жыццё падрыхтаваны і касцюм з кашуляй, і туфлі. А вось рукзак з неабходнай канцылярыяй пакуль не набывалі.
– Дык у чым справа? Зараз будзе! – усміхаецца галоўны рэдактар раённай газеты і надзявае на будучага вучня цёмна-сіні ранец. Дызайн – касмічны.
Хлопчык з задавальненнем папраўляе шлейкі, круціцца перад матуляй, братамі і сёстрамі.
– Клас! – ухваляльна заўважае яго старэйшы брат Яраслаў, памахваючы фірменным сувенірам ад «ДК».
– Сапраўднае свята зрабілі для нас, – радуецца Вераніка Гуцава. – Дарэчы, на выхадных у Вадзіма дзень нараджэння. Таксама святкаваць будзем. Ужо заказала дзецям забаўляльную праграму з аніматарамі і вялікім Чабурашкай. Хай перад сур’ёзнымі школьнымі буднямі ў малых будзе кавалачак бесклапотнага дзяцінства.