Чарговую каманду валанцёраў, што будуць саджаць хваінкі, склалі работнікі раёна газазабеспячэння і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Калі рэдакцыйная «Ніва» пад’ехала да выбранага ўчастка ў Шабрынскім лясніцтве (па дарозе на вёску Дубовы Лог), энтузіясты ўжо разабралі скрыні з пасадачным матэрыялам і мячы Колесава.
– Акцыя ў гэтым годзе праходзіць другі раз, з 11 па 31 кастрычніка, – удакладніла памочнік ляснічага Ангеліна Барсукова. – Яе мэта – аднаўленне лясоў, пашкоджаных ураганам, і адбываецца пад эгідай Года добраўпарадкавання. На гэтым месцы як раз год таму стыхія «пагуляла». Першыя работы па лесаўзнаўленні правялі тут ў 2024-м. Сёння глядзім, як прыжыліся тыя саджанцы, і дадаем новыя.
Работнік лесу заклікае усіх прыняць удзел у карыснай справе. Хаця прызнаецца: недахопу ў земляках, што гатовы папрацаваць на пасадках, няма.
– А вы ведаеце, хваінкі, на дзіва, не колкія, – адзначаюць газавікі Сяргей Герман і Юлія Круглік. – Работа ідзе шпарка, паветра свежае, дзень лагодны. Ад таго і настрой цудоўны. Радасна, што ёсць такая магчымасць – зрабіць штосьці на перспектыву, на карысць свайму Добрушскаму раёну.
Фота Яўгена УСЦІНАВА