Якія моманты сталі пераломнымі ў жыцці 89-гадовай насаўлянкі Ганны Самадумавай Добрушскага района

Памяць, якая жыве ў сэрцы

Некалькі месяцаў таму жанчына апошні раз зачыніла дзверы свайго старэнькага дома і пераехала жыць да дачкі Любові. Жанчына пры­знаецца, што даўно запрашала маці да сябе.

– Тут і дровы не патрэбны, і цэнтральны водаправод, і я побач, – тлумачыць гаспадыня. – Але мама «прыкіпела» да ўласных сцен, дзе кожная драбінка сваімі рукамі зроблена. Але ж гады! У вядомай песні пяецца, што яны – наша багацце. І маміна доля менавіта такая: багатая на падзеі, сустрэчы, цікавых людзей.

Суразмоўніца расказала, што дзяцінства яе маці прайшло ў часы, калі на беларускую зямлю прыйшла вайна, якая ператварыла бясхмарныя дзіцячыя гады ў барацьбу за жыццё…

– Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было ўсяго пяць гадоў, – заводзіць гутарку Ганна Самадумава. – Успаміны пра тыя часы напоўнены страхам. Але ўжо не баліць. Паступова тыя падзеі бы хаваюцца за туманам. Стараюся жыць днём сённяшнім: любавацца квітнеючымі садамі, новай зелянінай на бярозах пад вокнамі, турботамі і перамогамі маіх дзяцей і ўнукаў. А таксама радавацца, што іх маленства зусім іншае – мірнае.

Пераводзячы позірк з фотаздымкаў, што стаяць на невялічкім століку, Ганна Васільеўна зноў думкамі вяртаецца ў саракавыя.

– Якое ў мяне было дзяцінства? Шчаслівае, але нядоўга. Бацьку забралі ў армію за 45 дзён да вайны, – гаворыць яна. – Болей яго не бачыла… А я была яго любіміцай. Малодшая ж. Помню, як каталіся ўсёй сям’ёй на цеплаходзе за Гомелем, як ён моцна абдымаў мяне, калі браў з пірса на палубу, якой пяшчотай зіхацелі яго вочы. А на татавай магіле я не была. Брат калісьці ездзіў, мне не давялося. На вялікі жаль!

У вайну ўсе, хто застаўся ад вялікай сям’і Нягодзіных (дзявочае прозвішча нашай гераіні), згуртаваліся ў невялічкай зямлянцы ў Лагунах. Яе выкапаў дзядзька насаўлянкі, якога не ўзялі на фронт па інваліднасці – у мужчыны не было адной нагі. Ён ды яшчэ старэнькая бабуля, цётка, маці, сама Ганна… Усяго з дзясятак чалавек.

– Моцнага голаду не памятаю, – падкрэслівае суразмоўніца. – Проса сеялі-елі, ваенныя з Зябраўкі падкормлівалі. А маці ганялі акопы капаць, як іншых жанчын вёскі. Але калі я цяжка захварэла і палала ад высокай тэмпературы, у зямлянку зайшоў урач-немец, агледзеў мяне і даў маці некалькі таблетак. Так я выдужала.

Яшчэ адзін эпізод: як эвакуіравалі людзей пад Крупец, калі немцы адыходзілі. Ганна Васільеўна расказвае, што схаваліся ў лесе, у кустах. Некалькі разоў подбегам пераходзілі з аднаго месца на другое.

– Помню, усе ўжо перабеглі, а бабуля мая не паспявае. Я плачу, заву яе, – гаворыць сяльчанка. – Потым вярнуліся ў спаленыя Лагуны. Перамога! Пачалі адбудоўвацца, аднаўляць калгас.

Прабегла, не паспела і азірнуцца…

Хадзіць за маму на агульныя палеткі дзяўчынка пачала рана. То малаціць трэба, то палоць у гаспадарцы. А з той пары, як стала паўналетняй, Ганна Васільеўна на цягніку ездзіла на працу ў абласны цэнтр.

– Матальшчыца, ткачыха, авярлочніца… – пералічвае суразмоўніца прафесіі, якія давялося паспрабаваць у жыцці. – Пасля шмат гадоў у гомельскай школе тэхнічкай адпрацавала. Хаця там не толькі прыбірала, але і вахцёрам была.

Асабістае жыццё ў нашай гераіні склалася, як і ў іншых: выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, трымала ў далікатных жаночых руках немалую гаспадарку.

– Мой Віктар Дзмітрыевіч быў старэйшы за мяне на 5 гадоў, – удакладняе насаўлянка. – Менавіта да яго сюды з Лагуноў перабралася. З часам вёска стала роднай, любімай. Ведаю мясцовыя сем’і, яны – мяне. Толькі чамусьці здаўна ўсе клічуць Галяй, зараз – бабай Галяй. Я Ганна толькі па пашпарце цяпер.

Галоўнае, лічыць старажыл аграгарадка, што родныя побач – яе багацце! А што яшчэ трэба? Мірнае неба над галавой, якога яна жадае землякам і ўсім-усім.

Словы Ганны Васільеўны – сведчанне таго, што нават праз выпрабаванні можна захаваць у сабе цяпло і любоў да жыцця.

Пакідаючы гасцінны дом на вуліцы Добрушскай, падумала: гісторыя Ганны Самадумавай – гэта гісторыя адной з тысяч беларусаў, якія перажылі вайну і адбудавалі краіну. Яна – частка велічнай памяці, якую нельга забываць, бо ў ёй – крыніца нашай моцы і нашай будучыні.