Звычайна ў гэты час мы ўжо здаём у хімчыстку пухавікі і любуемся квітнеючым язмінам. Але сёлета штосьці пайшло не так. І хаця ў апошнія дні тэмпература сяк-так выраўнялася, народнаму выслоўю пра месяц май больш не верыцца.
Ці можа на жыцці дабрушан прыродныя рэкорды не сказаліся?
Ларыса БУРАВА, Жгунь:
– Падобных халадоў, лічы напярэдадні лета, не памятаю. На самой справе, анамалія. Прыйшлося пачакаць з лёгкімі летнімі сукенкамі і ўцяпліцца шарсцянымі рэчамі. І гарбаты, здаецца, выпіла на пару літраў больш, чым планавала (смяецца).
Як грэлася? Работай! Прымала актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні нашага аграгарадка да Дня Перамогі. Асабліва пахвалявацца аб сабе прымусілі кветнікі. Спачатку высаджвалі расаду і маліліся, каб замаразкі не ўдарылі. А пасля ратавалі маладыя расліны ад суровых начных умоў. Рада, што ўсё ўдалося, і цяпер, калі нарэшце надвор’е вяртаецца да кліматычнай нормы, мы зможам без боязі любавацца квітнеючымі кампазіцыямі.
Аляксей ЧАРНАМОРЧАНКА, Перарост:
– У першую чаргу перажываў гэты перыяд, хвалюючыся за гаспадарку, якой кірую. Як адаб’ецца халодны перыяд на пасевах? Ці ўзыдуць яравыя ў абазначаны тэрмін?
Не буду хаваць, нетыповы май хоць і не моцна, але паўплываў на нашыя справы, свой адбітак пакінуў. Не вытрымала мінуса частка пасеваў рапсу. Але з астатнімі палеткамі праблем не ўзнікла. Ведаю, што ў некаторых гаспадарках Беларусі нават прыйшлося займацца перасевам часткі азімых культур. У нас такой патрэбы не было. Лічы, бяда абышла бокам.
Цяпер працуем у штатным рэжыме.
Святлана СМАЛЬЦАР, Карма:
– З прычыны зусім няласкавага мая прыйшлося адкласці высадку расады на грады. Усё думала, каб не перарасла, каб потым ураджай паспеў сфарміравацца, а мы паспелі яго сабраць. Пакуль не ведаю, як паўплывае гэты зрух тэрмінаў пасадкі на канчатковы рэзультат. Буду трымаць пальцы крыжыкам.
А вось па кашальку анамальныя паказчыкі на градусніку не ўдарылі. Ведаю, што тыя, хто грэецца цэнтральным ацяпленнем, яшчэ амаль месяц палілі абагравальныя прыборы. Але ў мяне дома стаіць кацёл, тэмпературу рэгулюю самастойна. І гэта здорава!