Галоўную ёлку Добруша даставілі на цэнтральную плошчу. Адкуль прыгажуня, даведаўся «ДК»

Раней навагодняе дрэва прыязджала ў райцэнтр з ляснога масіву. Але ў гэты раз гісторыя іншая. Жыхарка вуліцы Савецкай Слава Дабрадзеева сама патэлефанавала ў дыспетчарскую «Добрушскага камунальніка» з прапановай паставіць у сэрцы горада елку, што расце ў двары яе дома.

– Гэтаму дрэву 22 гады, – расказала ветэран педагагічнай працы. – А з’явілася яна тут дзякуючы майму мужу Яўгенію Антонавічу. Ён знайшоў малюсенькі акуратны саджанец у лесе непадалёк і вырашыў, што часцінка свята павінна быць у кожным нашым дні.

 

За сваё вялікае жыццё елка была і тэнтам ад сонца ў спёку, і кватэрай для птушак, што цэлымі зграйкамі акупавалі яе галінкі, і самым што ні на ёсць навагоднім дэкорам з гірляндамі ды шклянымі цацкамі.

Па словах суразмоўніцы, яе муж нават будаваў з унукамі пад колкай кронай гарадкі са снегу. Вяселля было!

 

– Памяць застанецца са мной, але захацелася падарыць такія ж пазітыўныя, цёплыя эмоцыі і землякам, – усміхаецца Слава Дабрадзеева.

Да самай чаканай місіі года падключыліся адразу некалькі арганізацый. Асноўная сіла – каманда «Добрушскага камунальніка», ім у падмогу – вадзіцель ПМС на трале. У суправаджэнні – машына Дзяржаўтаінспекцыі.

Ялінку, што расла ў двары дабрушанкі больш за два дзесяцігоддзі, спілавалі за лічаныя хвіліны. Потым кранам пранеслі святочную хвою над домам і акуратна апусцілі на платформу, падставіўшы спецыяльныя падпоркі.

– Гэта для таго, каб кожная галінка засталася пасля падарожжа да плошчы на сваім месцы, – расказаў начальнік участка добраўпарадкавання і азелянення «Добрушскага камунальніка» Іван Чачанкоў. – Мы рады, што змаглі дапамагчы жанчыне і ўбралі з прыдамавой тэрыторыі дрэва, якое, па словах самой гаспадыні, у любым выпадку трэба было выдаляць.

Згодна ківаючы галавой, жанчына дзякуе камунальнікам і з захапленнем паўтарае: «Якія малайцы! Так хутка і акуратна ўсё зрабілі».
Гэтак жа аператыўна зялёную прыгажуню транспарціравалі на цэнтральную плошчу. На некалькі хвінін прыйшлося перакрыць рух транспарту, але вадзіцелі толькі ўсміхаліся, гледзячы на святочны картэж. Зразумела, Новы год трэба з ёлкай сустракаць.

Засталося адно пытанне: якім будзе ўпрыгожанне ў гэты раз? Камунальнікі абяцаюць бляск і святло.

ФОТА ЯЎГЕНА УСЦІНАВА