Каляровыя геаметрычныя фігуры на блакітна-белых аканіцах, фіялетавыя гронкі на зялёным фоне…Такое ўражанне, што гэтыя і іншыя “карціны” на жалезабетоннай агароджы палісадніка малявалі з натуры.
Аказалася, так і ёсць. Гаспадыня дома Алена Аверчанка гасцінна запрасіла нас у двор. А там – альтанка з вінаграду! І па ўсім перыметры – мноства яркіх фарбаў. Напэўна, на тэрыторыі не засталося ніводнага куточка, які не крануў пэндзаль у жаночых руках. Кветкі ўсюды: на клумбах, у садзе, у гародзе, а таксама на сценах і дзвярах гаспадарчых пабудоў. Нават для свойскай птушкі – квочкі з куранятамі – Алена з мужам Аляксандрам змайстравалі казачны церамок.
– Зрабілі рамонт дома і не спыніліся на гэтым, – расказвае гаспадыня. – Устанавілі дэкаратыўныя агароджы, потым захацелася дадаць яркіх акцэнтаў. Прыгажосць люблю, фарбаваць умею, спяшацца нікуды не трэба: я – на пенсіі.
Па прафесіі Алена – культработнік, працавала ў мясцовым Доме культуры. Аляксандр, наадварот, больш па тэхнічнай частцы: за яго плячамі – шматгадовы вопыт слесара- інструментальшчыка. Падчас заслужанага адпачынку разам з сынам сабраў тры трактары. Прысядзібны ўчастак вялікі, таму без “конскіх сіл” не абысціся. Гаспадары вырошчваюць авёс, традыцыйную гародніну, фасоль. Пры гэтым сямейная “фазенда” для Аверчанкаў – гэта не проста соткі зямлі, а месца, дзе яны адпачываюць душой. У садзе цвітуць ружы, на кустах у вазонах паспяваюць буякі, зіхаціць на сонцы вада ў невялікай копанцы.
– Адкуль столькі сіл і энергіі, каб давесці да ладу немалую прыдамавую тэрыторыю? – пытаемся ў гаспадароў.
– У гэтым доме я нарадзілася
і вырасла, хочацца не толькі захаваць бацькоўскую спадчыну, але і зрабіць падворак утульным, такім, каб сюды з задавальненнем прыязджалі дзеці і ўнукі, не цураліся вясковага жыцця.
Дарэчы, прыкладам працавітасці і адданасці малой радзіме для Алены Аверчанка стала яе маці. Яна – непераўзыдзеная майстрыха ручной вышыўкі. Нават у свае 86 год Ніна Екімцова не пакідае любімы занятак. Кветкі, птушкі, народныя матывы – цудоўныя творы рукадзельніцы ўпрыгожваюць інтэр’ер усяго дома. Вышытыя ўзоры на рушніках, пакрывалах, настольніках, пасцельнай бялізне, кухонных сурвэтках. А калі мы ўбачылі арыгінальныя шторы і ламбрэкены на ўсіх вокнах, прыйшлі ў захапленне. Удалае спалучэнне сучасных тэндэнцый і элементаў народнага стылю зрабіла атмасферу лёгкай, пяшчотнай, крыху рамантычнай, з ноткамі настальгіі.
– У мамы многа такога багацця, не хочацца, каб яно ляжала ў шафах, – заўважае Алена Аверчанка. – У кожным з вырабаў – карпатлівая праца, часцінка душы і любові да жыцця. Няхай усе, хто да нас заходзіць, бачаць, здзіўляюцца і бяруць прыклад са старэйшага пакалення.