«Дай лесу новае жыццё!» 11 кастрычніка ў раёне стартуе рэспубліканская акцыя па аднаўленні лясоў Добрушчыны

Як расказала памочнік ляснічага Ангеліна Барсукова, на іх тэрыторыі зялёныя насаджэнні будуць дапаўняць каля пасёлкаў Мар’іна і Залессе.

– Двухгадовую сасну бяром у гадавальніку Гомельскага лясгаса, – рас­тлумачыла суразмоўніца. – Гэта наша асноўная культура для акцыі. Таксама, калі жадаючых пасадзіць сваё дрэва будзе шмат, ёсць задумка азеляніць землі каля Добруша маладымі бярозкамі.

Па словах Ангеліны Барсуковай, стаць удзельнікам зялёнай ініцыятывы могуць як групы актывістаў ад арганізацый і прадпрыемстваў раёна, так і асобныя жыхары. Пажадана загадзя патэлефанаваць у лясніцтва і ўзгадніць час.

Пасадка дрэў пад эгідай «Дай лесу новае жыццё» працягнецца да канца кастрычніка.