Да пачатку навагодніх святаў камунальнікі ўпрыгожаць гірляндамі больш за 1200 метраў добрушскіх вуліц

Сёння электрыкі працуюць амаль у аўральным рэжыме. Замацаваць і падключыць гірлянды неабходна ў скверах. Акрамя таго агеньчыкамі павінны заззяць і адміністрацыйныя будынкі.

– Акрамя вуліц у горадзе ёсць яшчэ шмат аб’ектаў, якія патрэбна ўпрыгожыць, – расказала галоўны энергетык «Добрушскага камунальніка» Таццяна Каленчанка. – Днямі набылі 100 метраў дзюралайта чырвонага і зялёнага колераў. Яго выкарыстаем для асвятлення сімвала года «Каня» і ўпрыгожання апор асвятлення.

Суразмоўніца называе мноства відаў гірляндаў, якія прадпрыемства набыло ў гэтым годзе, і іх метраж. «Нітка», «шарыкі», «сетка» розных колераў і памераў будуць зіхацець на галоўнай ёлцы горада, каля музея і загса. Светлавое афармленне атрымаюць туі і акацыі вакол цэнтральнай плошчы. Усяго сёлета набыта каля чатырохсот навагодніх атрыбутаў.

– Мантаж ілюмінацыі ідзе кожны дзень, – рэзюмуе спецыяліст. – Патрэбна паспець скончыць работу ў адведзены тэрмін. Да канца наступнага тыдня Добруш павінен быць ужо ў святочным убранні.