Што ні выхадныя, то прафесійныя святы. Заўтра, напрыклад, услаўляем чыгуначнікаў. Дзякуем ім за нялёгкую працу і пытаем жыхароў раёна, як часта яны карыстаюцца гэтым відам транспарту.
Мікалай ЖЫГАЛАЎ, намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства:
– Не паверыце, але гадоў сорак не ездзіў чыгункай. Хаця маню, месяцаў шэсць таму менавіта цягніком дабіраўся ў санаторый. Звычайна невялікія адлегласці пераадольваю на ўласным аўтамабілі. А тут дзе яго пакінуць?
Вось і ўспомніў, як у студэнцкія гады часцяком сядаў у дызель і праз гадзіну – у Гомелі. І танна. Вядома ж, білет на хуткі да сталіцы каштуе больш, чым на дызельны цягнік, але і ўзровень камфорту значна вышэйшы. Упершыню ехаў на «Штадлеры» і цалкам задаволены. Імчалі з ветрыкам, буфет пад бокам, крэслы мяккія. Сэрвіс!
Таццяна НОВІКАВА, фельчар хуткай медыцынскай дапамогі:
– Часцей за ўсё выбіраю цягнік, калі адпраўляюся на экскурсіі па Беларусі. Нам з мужам падабаецца наведваць памятныя месцы, помнікі архітэктуры, унікальныя кропкі на карце краіны. Апошняе запамінальнае падарожжа было ў Брэст. Шлях няблізкі, таму выбіралі камфартабельныя ўмовы. Недахопу цягнікоў не назіраецца. Заказалі білеты без праблем, і само падарожжа прайшло прыемна.
Фанат гэтага сродку перамяшчэння – наш сын. Вось хто ўвесь час вучобы катаўся амаль выключна на дызель-цягніку. Тлумачыў свой выбар проста: недарагія білеты, хуткая дарога.
Галіна ПЕСЕНКА, пенсіянерка:
– Цягнікі вельмі люблю! Так атрымалася, што мае дочкі жывуць у іншых гарадах: адна – у Мінску, другая – у Мазыры. Таму да іх у госці стараюся вырвацца пры першай магчымасці. А чыгункай зрабіць гэта прасцей за ўсё. У сталіцу можна прама з нашай станцыі сесці і даехаць. Тым больш на летні перыяд для пенсіянераў прадугледжана зніжка на білеты. Такі клопат дзяржавы вельмі прыемны.
У цягнікоў асобая атмасфера – рамантычная і прыгодніцкая. Як паэтэса часта натхняюся відамі, што мільгаюць за акном вагона. Вельмі радуюся, калі атрымліваецца пазнаёміцца з цікавымі спадарожнікамі. Таму ўсім раю: ездзіце чыгункай. Гэта незабыўны вопыт!