Здаецца, да Новага года – як да Луны, а вытворцы святочнай атрыбутыкі ўжо заманьваюць пакупнікоў сувенірамі-ялінкамі, тэматычнымі абрусамі ды бліскучымі гірляндамі. І ўвесь гэты навагодні дэкор каштуе ой як нятанна.
– Дык зараз жа распродажы, чорныя пятніцы ды іншыя дні тыдня! Зніжкі, у рэшце рэшт. Купляйце. Яшчэ і аб падарунках не забывайце, – спакушаюць нас.
Таму мы абгаварылі тэму перадсвяточнага «палявання» за недарагімі таварамі з землякамі. І прыйшлі да нечаканых высноў.
Святлана ГЕРМАНЕНКА, памочнік повара, Леніна:
– Ведаеце, я спакойна стаўлюся да крыклівых шыльд з заклікамі купіць прадукцыю за палову цаны. Так, атрымаць невялічкі бонус ад магазіна ніколі не лішне, але для мяне на першым месцы была і будзе якасць вырабу. Калі танней жадаюць збыць тавар сякі-такі, то выберу лепш даражэйшы.
У любым выпадку зараз праблем з тым, дзе купіць адзенне, прадукты ці мэблю, няма. Цэны, таксама, нармальныя. Таму бяру тое, што трэба, і вышэйшага гатунку. Добра, што нашы вытворцы па-іншаму не ўмеюць.
Барыс ПАЎЛОЎСКІ, трактарыст, Лебядзёўка:
– Не, я не сачу за інтэрнэт-распродажам, асаблівымі днямі ці акцыямі. Насамрэч, мне шмат і не патрабуецца. А калі наспела патрэба набыць штосьці значнае, напрыклад, падлогу замяніць ці гарнітур на кухню, магу і ў растэрміноўку ўзяць.
Наўрад ці стану вышукваць «лепшыя варыянты» ў гандлёвых кропках. Ці можа прадукцыя з дэфектам? Таму яшчэ раз паўтару, зніжкі – не маё. Яны больш мяне насцярожваюць, чым радуюць.
Максім ВІНІЧЭНКА, спецыяліст па тэхнічнай інвентарызацыі, Добруш:
– Да сезоннага цэнападу стаўлюся нейтральна. У некаторых выпадках гэта добрая магчымасць паставіць на кніжную палічку кнігу, што «пыліцца» ў віртуальным кошыку анлайн-магазіна.
А бывае, што пад кідкімі плашачкамі з надпісамі «-20%», «-30%» і далей, у рэальнасці хаваецца, наадварот, павышэнне цаны. Сам сведкам такога выпадку нядаўна быў. Так што рашайце самі, што для вас істотней. Чарговая пакупка з маркетплейса – як кот у мяшку. Можа стаць і бядой, і знаходкай года.
Вераніка ХАЦКОВА, жывёлавод, Карма:
– Люблю зніжкі! Я ж шматдзетная маці. Кожны дзень то прадуктаў трэба на маю сям’ю, то красоўкі новыя, то грошы адкласці на вучобу дзецям. Сума абмежаваная, таму калі ёсць нагода купіць рэч танней, гэта выдатна!
Тым больш, часта празмерная цана, на мой погляд,– гэта толькі «навар» прадаўца. Вядома ж, кожнаму хочацца зарабіць паболей, але для таго і існуюць акцыі. Так больш пакупнікоў прыцягваецца і ніхто не ў накладзе.
Фота Яўгена УСЦІНАВА




