Пад вальс з «Анастасіі»
Адкрываем фортку ў школьным плоце і адразу трапляем у вір падзей: на стадыёне праводзяць урок фізкультуры, на кветніку каля ганка брыгада тэхперсаналу высаджвае маргарыткі, з-за кута будынка даносіцца пах свежай фарбы.
– Перад канікуламі сапраўды спраў поўны блакнот, – гаворыць дырэктар Кругавец-Калінінскай сярэдняй школы Вольга Дзеблік. – Для выпускнікоў, у нас гэта дзявяты клас, вось-вось пачнуцца экзамены, невялічкае развітанне з пачатковымі класамі плануецца ў чацвёртакласнікаў. Абодва класы ўжо завяршаюць рэпетыцыі традыцыйнага вальса. Добра, што хлопчыкаў хапае, бо ў мінулым годзе для нумара прыйшлося звяртацца па кавалераў да суседняй школы ў Леніна. Для памятнага выступлення падлеткі выбралі адну з самых кранальных і папулярных мелодый – вальс з мультфільма «Анастасія».
Да апошняга званка ва ўстанове адукацыі таксама ўсё гатова. Дырэктар пералічвае ўсе складальнікі – ад сцэнарыя да запрашэнняў. Апошнія вакантныя месцы засталіся ў летнім прышкольным лагеры:
– У нас чарговы год будзе дзейнічаць лагер ваенна-патрыятычнага профілю. Як іначай, калі пад бокам пагранічная застава, з якой сябруем і супрацоўнічаем? – здзіўляецца Вольга Дзеблік. – Яго будуць наведваць 14 вучняў ад шасці да трынаццаці гадоў. У планах – і экскурсіі, і спартыўныя святы, і творчыя спаборніцтвы паміж рабятамі.
Табу на тэхніку ў кішэні
Разважаючы аб заканчэнні года бягучага і перспектывах на наступны вучэбны перыяд, не маглі не закрануць «гарачую» тэму апошніх дзён у краіне: забарону карыстання мабільнымі тэлефонамі для школьнікаў падчас урокаў.
– Школа – гэта магчымасць стаць эрудзіраваным чалавекам, навучыцца ладзіць з людзьмі, праяўляць асабістыя таленты. І тэрыторыя без смартфонаў стане стымулам для вучняў удзяліць увагу новым відам карыснай дзейнасці, – разважае педагог. – Абгаворвалі з бацькамі магчымасць пакупкі ў школу некалькіх новых набораў шашак, абсталявання на паверхах гульнявых куточкаў. Большасць з энтузіязмам успрыняла прапанову, таму школа прадоўжыць працаваць над галоўным: каб дзеці больш чыталі і камуніцыравалі. У дарослым жыцці спатрэбіцца.
У каледж ці ў 10-ты клас?
З адзінаццаці падлеткаў назаўсёды развітацца са школай плануюць чацвёра хлопцаў. Кожны з іх ужо вызначыўся з прафесіяй мары і спяшаецца хутчэй стаць дарослым.
– З бацькамі пагаварыў, з бабуляй і вырашыў пайсці ў мясцовую гаспадарку, у «Завідаўскае», вадзіцелем, – кажа Захар Полухаў. – Работа там ёсць. Спытаў наконт зарплаты – лічба спадабалася. Можа, хто і ў горад хоча, а я на сваёй зямлі застануся.
Пытаемся, кім яшчэ жадаюць стаць кругавец-калінінскія прадстаўнікі сельскай моладзі. Сярод самых папулярных адказаў – прафесіі настаўніка, эканаміста, юрыста.
– А чаго ад жыцця жадаеце ўвогуле? – выклікаем дзевяцікласнікаў на разважанне.
– Вывучыцца ва ўніверсітэце, стварыць свае сем’і, – пералічвае стараста класа Ірына Чуракова. – А на бліжэйшы час – добра здаць экзамены. Гэта важна. З верасня хадзілі на профільныя факультатывы, паўтаралі праграму за ўсе гады ў школе. Столькі намаганняў прыклалі! Хочацца паказаць годны вынік.
Словы аднакласніцы падтрымлівае і выдатніца Дамініка Шалупенка. Дзяўчына прэтэндуе на пасведчанне асобага ўзору, таму сканцэнтравана на тым, каб справіцца не толькі з велізарным аб’ёмам інфармацыі, але і з унутраным настроем.
– Прыгожую сукенку ўжо купіла і чакаю 13 чэрвеня, апрану на ўрачыстае ўручэнне атэстатаў, – гаворыць дзяўчына. – І, хаця абавязкова вярнуся ў родную школу ў дзясяты клас, гэты памятны момант застанецца ў маім сэрцы. Як у песні: «Не паўтараецца такое ніколі…»