Чаму Нэлля Панкова нават са смартфонам у кішэні аддае перавагу папяровым выданням

У мінулую пятніцу адна з даўніх сябровак раёнкі, рабротніца аддзялення паштовай сувязі №4 Добруша Нэлля Панкова адзначыла працоўны юбілей.

– Споўнілася дваццаць гадоў, як я стала паштальёнам, – расказала суразмоўніца. – Калі толькі прыехалі ў Беларусь з Казахстана, была разгуб­лена: нікога не ведаю, дом патрэбна абжываць і куды пайсці ўладкоўвацца на работу? Даведалася, што патрэбны чалавек у аддзяленне на вуліцы Камарова. Пагаварыла – ветліва прынялі, праінструктавалі. Думаю, чаму б не паспрабаваць. І, як дрэва, «прырасла» тут.

А што цяжэй, цікавімся ў жанчыны, заплечную сумку са стосам прэсы насіць ці да дабрушан падыходы знаходзіць?

– Газеты, вядома ж, – пасміхаецца Нэлля Панкова. – Гараджане ў нас добразычлівыя. Разумеюць і паважаюць працу работнікаў пошты. Асабліва старэйшае пакаленне. На сваім участку – больш дзясятка вуліц мікрараёнаў Нізіна і Бугор – людзей ведаю добра. Хто сёння папросіць выпісаць любімае выданне, хто чакае ліст ад родных, а хто – часопіс з парадамі для агароднікаў. Усяго 22 кіламетры дарог і сотні добрых знаёмых.

Дарэчы, ці помняць дабрушане, што ўжо стартавала падпіска на наступнае паўгоддзе? Паштальён запэўнівае: пастаянныя падпісчыкі самі тэлефануюць, каб зайшла і аформіла квітанцыю.

– А моладзі расказваем ды паказваем свежую папяровую раёнку. Для прыкладу, – удакладняе яна. – Хоць смартфон ёсць у кожнага, але часта інфармацыя там падаецца ў выглядзе анонса ці проста відэафакта. Я ж фанат патрымаць рэальны «Добрушскі край» у руках, пагартаць старонкі. На маю думку, пакуль ты ведаеш, чым жыве раён, ты застаешся яго значнай часткай.