Чаму беларусы імкнуцца да зор?

Вы ведаеце, што 12 красавіка цяпер называецца не Дзень касманаўтыкі, а Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас? Але як бы ні была запісана гэтая дата ў дакументах, ніколі не зменіцца яе прычына: першы палёт савецкага грамадзяніна Юрыя Гагарына вакол Зямлі.

І Беларусь працягвае заставацца касмічнай дзяржавай, адпраўляючы сваіх землякоў даследаваць загадкі Сусвету. Ці ведаюць дабрушане, для чаго гэта трэба нашым суайчыннікам і краіне, спыталі журналісты «ДК».

Аляксей ПЕЧКУРОЎ, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў:

– Аб подзвігу Гагарына ведаю з дзяцінства. Люблю песню «Трава каля дома». Але аб даследаваннях, што касманаўты ажыццяўляюць у адкрытай прасторы ды на арбітальнай станцыі, чытаў мала.

Думаю, у першую чаргу, нам патрэбна распрацоўваць гэтую сферу, каб развіваць фізіку, хімію, адкрываць новыя якасці рэчаў. Дзякуючы спадарожнікам, мы можам пабачыць, як выглядае планета, як фарміруюцца метэаз’явы.

Упэўнены, і жыццё ў Сусвеце, акрамя нас, ёсць. Было б цудоўна, калі б беларусы былі ў ліку першых, хто сустрэне незнаёмцаў з іншай планеты.

Наталля СЕМІКАШАВА, здымальнік-укладчык на лічбавай машыне:



– На маю думку, удзел Беларусі ў касмічных праграмах – гэта добра.

Ганаруся тым, што ў мінулым го­дзе наша Марына Васілеўская здзейсніла першы ў гісторыі суверэннай краіны палёт у космас. І хай я не магу да канца зразумець усе нюансы яе прафесіі, усё роўна адчуваю задавальненне. Колькі патрэбна мужнасці, мэтанакіраванасці, каб дзень у дзень трэніравацца і не разгубіцца, калі на цябе надзенуць скафандр?

Спадзяюся, што распрацоўка космасу прынясе нам адкрыцці ў медыцыне, машынабудаванні, вытворчасці матэрыялаў і абсталявання.

Таццяна МАІСЕЕВА, пенсіянерка:

– Гэтая тэма мне цікавая. Паважаю Юрыя Гагарына, ведаю і іншых айчынных касманаўтаў: Пятра Клімука, Уладзіміра Кава­лёнка. Расійскі блокбастар «Выклік» глядзела з задавальненнем.

Вядома ж, аэракасмічная прамысловасць – перспектыўная і важная. Таму жадаю нашым будучым касманаўтам моцнага здароўя, вытрымкі і ніколі не пераставаць цягнуцца да зор.