Заспець «двухтысячніка» газетчыкам удалося толькі ў полі. Магутны «Кіравец», у кабіне якога знаходзіліся два механізатары, узворваў глебу непадалёку ад Перароста. Сямікорпусны плуг пакідаў за сабой паласу шырынёй больш за 4 метры.
– Як раз плуг і выпрабоўваем пасля рамонту, – паведаміў Сяргей Белавусаў. – А ў дваіх таму, што так зручней яго наладзіць.
Побач з Сяргеем – Рыгор Тур. Родам з Украіны, у Беларусь ён пераехаў амаль 14 год таму. За рулём трактара – з 14 год, больш за тры дзесяцігоддзі. Ён – універсал: займаецца і падрыхтоўкай глебы, і сяўбой, і падкормкай.
Трактар Сяргея, пакуль ён займаецца наладкай агрэгата сябра, стаіць на мехдвары і хутка таксама выедзе ў поле з дыскамі.
– Што камбайн, што трактар – абы за рулём сядзець, – усміхаецца механізатар.
Насамрэч Сяргей у раёне лепш вядомы як камбайнер. Сёлета ў яго актыве – больш за дзве тысячы тон зерня. Здзіўляемся, чаму не абмалочвае кукурузу?
– Хапае і без мяне экіпажаў, – адказвае ён. – А энерганасычаны трактар без справы стаяць не павінен. Пакуль надвор’е дазваляе і няма маразоў, патрэбна як мага больш падрыхтаваць глебы пад вясновую сяўбу. Чым лепей зробім сёння, тым лягчэй будзе ў наступным годзе.
На фота: тэст-драйв праводзяць Рыгор Тур і Сяргей Белавусаў (злева направа). Фота Яўгена УСЦІНАВА
