Канец жніўня заўсёды быў для Добрушчыны перыядам насычанай працы. І, гартаючы старонкі «Сталінца» (выпуск ад 22.08.1948 года), разумеем: хоць час і змяніўся, праблемы і тэмы для матэрыялаў у большасці сваёй засталіся такімі ж.
Дзве калонкі на першай паласе выдання займае артыкул аб падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў раёна да зімоўкі:
«У калгасе імя Кірава Кармянскага сельсовета сена, сілос для жывёлы на ўвесь стойлавы час нарыхтаваны ўдосталь. Усе жывёлагадоўчыя фермы тут таксама адрамантаваны, ацеплены, знутры пабелены.
… На вялікі жаль, так рыхтуюцца да стойлавага перыяду далёка не ўсюды. Ва многіх калгасах усё яшчэ не спяшаюцца з прывядзеннем у парадак жывёлагадоўчых памяшканняў, слаба займаюцца заканчэннем будаўніцтва пачатых раней будынкаў пад фермы.
Бесклапотна адносяцца да грамадскай жывёлагадоўлі ў калгасе «Герой працы» Дзям’янкаўскага сельсовета. Ужо той факт, што калгас да сучаснага моманту не выканаў планаў сенакашэння і сіласавання кармоў, яскрава гаворыць сам за сябе».
А вось да работнікаў папяровай фабрыкі ў журналістаў заклік іншы – выконваць план па кожнай машыне:
«У апошнія дні папяровы цэх фабрыкі «Герой працы» рэзка палепшыў сваю работу і кожныя суткі перавыконвае план па выпуску прадукцыі. Аднак прарыў, меўшы месца ў першай дэкадзе жніўня і які адбіўся на агульным выкананні плана па цэху, усё яшчэ не ліквідаван і папернікі ў даўгу перад краінай.
Для таго, каб навярстаць упушчанае ў час прарыву, кіраўніцтву папяровага цэха (начальнік тав. Закалінскі) неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на тое, каб план выконваўся не толькі кожнай зменай, але і кожнай машынай у паасобку, чаго якраз яшчэ не дасягнута. Аналіз работы машын паказвае, што прадукцыйнасць у іх розная. Напрыклад, змена майстра Кукалевай у цэлым план выконвае на 110 – 115 проц. Між тым, у той час як машынамі № 5 і № 6 кантрольныя лічбы перавышаюцца, машына № 4, наадварот, недадае па некалькі тон паперы да плана.
… Начальнікі змен і цэхаў зачастую тлумачаць прычыну такіх разыходжанняў у прадукцыйнасці машын рознымі аб’ектыўнымі прычынамі. Але галоўнае ў тым, што няма патрабавальнасці да абслугоўваючага персанала машын у павышэнні тэмпаў работы».
Таксама ў добрушскай раённай газеце пісалі аб становішчы мясцовых торфапрадпрыемстваў, абмяркоўвалі, як паўплывае на тэмпы работы крухмальнага завода новае абсталяванне, гаварылі пра гатоўнасць школ раёна да новага навучальнага года.
А яшчэ бязлітасна выкрывалі тых, хто абыякава адносіўся да службовых абавязкаў, і людзей, з якімі яны працавалі. У матэрыяле «Злоўжыванні буфетчыцы» Р. Макараў пісаў:
– Дзям’янцава Ніна яшчэ і раней, да паступлення на работу ў буфет харчовай арцелі «9 мая» была ўжо вядома сваімі жульніцкімі махінацыямі. Але стаўшы буфетчыцай, злоўжыванні яна стала прымяняць у яшчэ большым размеры. Неаднаразовыя праверкі паказалі, што яна сістэматычна займаецца разбаўленнем фруктовых напіткаў вадой, абвешваннем пакупнікоў…
Друкавалі ў раённай газеце і артыкулы аб краінах сацыялістычнага блоку, фота з саюзных рэспублік з самымі цікавымі і значнымі дасягненнямі часу.
(Вытрымкі зроблены з захаваннем арыгінальных пунктуацыі і арфаграфіі).