Аб чым мараць дзевяцікласнікі Ленінскай базавай школы

Юлію Лапаценка і дырэктар, і настаўнікі называюць гонарам класа.

Вядучая мясцовых канцэртаў і гульнявых праграм, алімпіядніца, першая ў чарзе выхаванцаў вакальнага ды танцавальнага аб’яднанняў. Па ўсім бачна – натура крэатыўная. Мабыць, пойдзе на «Фактар.by» ды праславіць родны аграгарадок?

– Не, – здзіўляе адказам дзяўчына. – Творчасць – для душы. А прафесію выбіраю па іншых крытэрыях. Спецыяльнасць хачу сур’ёзную, каб дапамагаць людзям. Таму на сямейнай нарадзе для паступлення выбралі гомельскі каледж, дзе вучаць будучых прававедаў. Салідна, да таго ж па балах туды трапляю. Вось зараз у нас руская мова, стараюся ўсё паўтарыць. Для экзаменаў спатрэбіцца.

Пакуль Юлія ўзмоцнена падцягвае прадметы для паступлення, яе аднакласнік Віктар Зубар яшчэ ў сумненнях наконт прафесіі. Кажа, зараз яго думкі пра тое, як падрыхтавацца да першага вечара дарослага жыцця – выпускнога.

– Хаця ў класе нас усяго пяць чалавек, ад традыцыйнага вальса не адмовімся, – гаворыць хлопец. – Запросім каго-небудзь з малодшых рабят. Музыку зараз выбіраем, касцюм, думаю, хутка адпраўлюся ў Гомель купляць. А вось стужкі «Выпускнік-2025» ужо набылі. Нават дзве. Адну для вечара, другую – для фотасесіі.

Хапае ў падлеткаў часу, і каб удзельнічаць у конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў. Літаральна праз пару тыдняў Юля, напрыклад, прыме ўдзел у творчым змаганні, дзе трэба напісаць лепшае сачыненне на патрыятычную тэму.

– Як трэба любіць Радзіму? Шчыра і аддана, – упэўнена школьніца. – Як і сваю школу, што гадавала цябе доўгіх дзевяць гадоў. І для мяне гэта, як з любоўю да бацькоў, – не прой­дзе ніколі.