Аўтапарк прадпрыемства «Добрушскі камунальнік» папоўніўся чатырма адзінкамі спецтэхнікі

Смеццявозы ад «Магілёў­трансмаша», падраздзялення холдынга МАЗ, якраз напярэдадні прыгналі ў раён. Набылі іх часткова за лік аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў, а таксама за сродкі бюджэту раёна, пераведзеныя ў статутны фонд камунальнага прадпрыемства.

Як патлумачыў механік «Добрушскага камунальніка» Дзмітрый Балюноў, транспарт ужо зарэгістраваны і хутка адправіцца па маршрутах горада. Таксама на ім будуць працаваць работнікі Церахоўскага філіяла.

– Зона ахопу – увесь раён, – удакладніў суразмоўнік. – Абнаўленне парка тэхнікі шыкоўнае. Аўтамабілі задняй загрузкі разлічаны на еўракантэйнеры, якія мы выкарыстоўваем. А ў канструктыўным плане ў новыя смеццявозы вытворцы дадалі мноства сучасных дэвайсаў. Напрыклад, на рулі ёсць гучная сувязь, іншая карысная электроніка. Таксама ў кабіне стаіць камера задняга віду, што зручна для вадзіцеля і бяс­печна для работы яго калег.

Дарэчы, гэтыя машыны разлічаны на трох чалавек – вадзіцеля і двух грузчыкаў. За адзін раз яны змогуць перавезці бытавога смецця ці лістоты, сабранай на суботніку, больш за сем тон. Уражваючую лічбу прывёў Дзмітрый Балюноў.

Ён упэўнены, што на­він­кі, набытыя ў Год добраў­парадкавання, выдатна паслужаць «Добрушскаму камунальніку» на працягу ўсёй пяцігодкі якасці і надалей.