З кожным годам на Добрушчыне і па ўсёй краіне дата набірае моц і набывае ўсё большае значэнне.
Алена СЯРГЕЕВА, бухгалтар:
– Не ўсе падрабязнасці, але базу ведаю. Спецыяльна пацікавілася. Аказваецца, дата прымеркавана да гадавіны пачатку вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора беларускі народ уз’яднаўся.
Па выніках польска-савецкай вайны 1919–1920 гадоў тэрыторыя, на якой спрадвечна пражывалі беларусы, была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі.
Лічу, што 17 верасня – гэта дзень, які ўвасабляе ўнікальнасць, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі. І разам мы можам усё!
Віктар ТРАЦІННІКАЎ, пенсіянер:
– З газет ведаю, што свята вырашылі ўстанавіць, каб моладзь ведала мінулае Радзімы, цаніла тое, што здабылі для іх папярэднія пакаленні. Часам і цаной свайго шчасця, жыцця.
Аналізуючы даваенныя падзеі, разумею: калі б Беларусь зноў не з’ядналася, наша нацыя не была б такой моцнай, асаблівай.
Памятаю, як чытаў аб прыгнёце на тых землях карэнных беларусаў, аб тым, што праводзілася гвалтоўная паланізацыя, а нязгодных адпраўлялі ў турму.
Заходняя і Усходняя часткі краіны ў 1939 годзе зноў сталі адной дзяржавай – Беларускай ССР. І мы жылі там па-сяброўску зладжана і радасна. Як і цяпер у незалежнай Айчыне.
Паліна БАБРАНОК, вучаніца 10-га класа:
– У агульных абрысах магу сказаць. Дзень народнага адзінства прысвечаны даваеннаму ўз’яднанню краіны і сімвалізуе згуртаванасць беларускага грамадства. Тое, што ў нас, напрыклад, і нашых аднагодкаў з Полацка, Магілёва ці Ліды адзіныя культура, традыцыя, гісторыя. Тое, што не важна, з заходняй ты тэрыторыі ці з поўдня Беларусі, таму што мэта ў людзей агульная – жыць у незалежнай, мірнай і квітнеючай дзяржаве.
Да гэтага дня мы з сябрамі ўжо прынялі ўдзел у святочным фотачэленджы. На мой погляд, вось такія маладзёжныя задумы таксама дапамагаюць знайсці аднадумцаў і пасябраваць.
Данііл ГАЎРЫЛАЎ, вадзіцель:
– Шчыра скажу, тэлевізар гляджу рэдка, таму аб свяце ведаю мала.
Але давайце паразважаем. Калі зыходзіць з назвы, то 17 верасня паказвае на тое, што беларусы імкнуцца зберагчы свае традыцыі, мараль, жыць, абапіраючыся на запаветы продкаў.
Напрыклад, я таксама прытрымліваюся больш кансерватыўных поглядаў. Люблю есці зразумелую, беларускую кухню, пры любой вольнай хвіліне стараюся надаць увагу сям’і, падтрымліваю айчынных вытворцаў.
Для мяне адзінства людзей – гэта калі жывеш разам, працуеш разам і святкуеш таксама разам. Таму з надыходзячым, землякі!