Свята ўраджаю зладзілі ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна

Атмасфера з водарам кветак, адмысловая выстава кампазіцый з агародніны і фруктаў, вясёлыя конкурсы, народныя песні і дамашнія пачастункі. Такім запомніцца душэўнае мерапрыемства яго ўдзельнікам, спецыялістам цэнтра і гасцям.

Ацаніць старанні добрушскіх дачніц, якія наведваюць клуб па інтарэсах «Ці ў садзе, ці ў гародзе» і іншыя аб’яднанні цэнтра, іх фантазію і крэатыў арганізатары запрасілі начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганну Харыбіну. Кожную конкурсную работу яна разглядала з цікавасцю і шчырай усмешкай. Аўтары толькі дадалі пазітыву падчас прэзентацыі. Ірына Горань, напрыклад, назвала свой твор па-маладзёжнаму: «Едзем у суседняе сяло на дыскатэку» і прысвяціла мерапрыемству свой верш. Прыгожымі і арыгінальнымі атрымаліся і работы Зінаіды Пінчуковай, Валянціны Данілкінай, Наталлі Бяцехцінай, Ірыны Сухавей.

Як расказала дырэктар установы Алена Алейнікава, дабрушанкі старэйшага ўзросту з задавальненнем наведваюць клуб дачніц пры ТЦСАН, якім кіруе Людміла Багданава. Разам жанчыны займаюцца пасадкамі, доглядам за раслінамі, а на свята ўраджаю прынеслі ў кошыках «дамашняе заданне».

Пакуль спявалі, праводзілі абрад стварэння «Багача» на наступны год, адгадвалі загадкі на тэму восені, у некалькіх мульціварках тамілася галоўная святочная страва – гарбузовая каша. «ДК» даведаўся, з якіх інгрэдыентаў яе гатуюць: кавалачкі гарбуза, крыху рысу, проса, малако, масла, цукар і дробка солі. Каб пачастунку хапіла на ўсіх, загрузілі пяць «печак». Госці елі залацістую смакату з апетытам і хвалілі повараў.

Напрыканцы свята ўсім удзельніцам творчай выставы ўручылі ўзнагароды, за актыўнасць у конкурсах – сувеніры.