Куды з аддзялення паштовай сувязі №2 Добруша «разлятаецца» раённая газета

Праца над новым нумарам «ДК» не перарываецца ў журналістаў ніколі. Як не знікае і жаданне, каб землякі былі ў віры самых надзённых, уражваючых, першачарговых падзей на Добрушчыне.

А каб газета двойчы на тыдзень знайшла свайго чытача, старанна працуюць і нашы сябры-паштавікі. Да адной з іх, кіраўніка АПС Ніны Іванчыкавай, мы завіталі ў чацвер з самага ранку.

Распаўсюджваць мясцовыя навіны Ніне Аляксандраўне дапамагаюць калегі-паштальёны Алена Алейнікава і Таццяна Ткачова. Работніцы аддзялення, што на праспекце Луначарскага, праверылі свае рабочыя часопісы-«хадавікі», даведаліся, у каго з падпісчыкаў заканчваецца падпісны перыяд і прапануюць дабрушанам працягнуць сяброўства з газетай надалей.

– Мы знаходзімся ў адным з карпусоў папяровай фабрыкі, і яе работнікі – таксама нашы частыя госці, – кажа Ніна Іванчыкава. – Але для падпіскі яны часцей звяртаюцца да свайго грамадскага распаўсюджвальніка. А вось носім ім свежы «ДК» мы.

Раён ахопу ў паштавікоў немаленькі: мікрараёны Антонаўка, Уцятнік, вуліца Першамайская. І кожны адрас, дзе чакаюць мясцовую газету, жанчыны добра ведаюць.

– Калі людзі гадамі застаюцца патрыётамі нашай Добрушчыны, яны не перастаюць чытаць «Добрушскі край», – кажуць паштальёны. – А мы з радасцю ім дапаможам аформіць падпіску.