Гаспадаркі Добрушчыны нарошчваюць аб’ёмы работ па нарыхтоўцы кукурузнага сіласу

Па словах старшыні сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» Аляксея Чарна­морчанкі, у гэтым сезоне тут плануюць закласці ў траншэі каля 35 тысяч тон пажыўнага корму.

– Стартавалі нядаўна, убралі з палеткаў толькі шэсць працэнтаў кукурузы, – расказаў кіраўнік «Калінінскага». – Месцы складзіравання кармоў загадзя прывялі ў парадак, вызначылі, колькі адзінак тэхнікі патрэбна накіраваць на гэты від работ, каго з калектыву «перакінуць». Сёння забеспячэннем грамадскага статка гаспадаркі якасным харчаваннем займаюцца два механізатары, шэсць вадзіцеляў на адвозцы сіласу, яшчэ два – на яго трамбоўцы. Думаю, што праз дзень-два да іх далучыцца яшчэ некалькі чалавек, якія зараз заняты на іншых справах у палях. Падмацаванне трэба, каб за апошнія цёплыя і сухія дні верасня зрабіць максімум.

Механізатары Аляксей Казарын і Мікалай Данільчанка працуюць на адным з самых важных відаў восеньскіх сельгасработ – нарыхтоўцы кармоў

Сілас, вядома, не адзіны від кармоў, якім сілкуюць пагалоўе на васьмі малочна-таварных комплексах і фермах пераростаўскага сельгаспрадпрыемства. Ёсць у рацыёне больш як шасці тысяч жывёл і сена, і зялёная падкормка, і камбікармы, але доля сіласу ўсё ж пераважае.

– Таму пасля напружанага часу жніва мы не расслабляемся, – падкрэслівае Аляксей Чарнаморчанка. – Наадварот, пачатак восені стараемся правесці прадуктыўна.

Карціна, якую мы пабачылі на палетку каля вёскі Івакі, пацвярджае словы дырэктара ААТ. Трактары тут снуюць так, што ажно пыл з-пад колаў слупом.

Пакуль вадзіцелі, што з ранку перавозяць кукурузную масу, спыніліся на абедзенны перапынак, механізатары Аляксей Казарын і Мікалай Данільчанка бяруцца за нажы. Дакладней, за іх падточку.

– Гэта адна з галоўных умоў шпаркай работы на ўборцы кукурузы, – упэўнівае нас Мікалай Данільчанка. – Таму нават не штодзень, а некалькі разоў за суткі падпраўляем вастрыню дэталяў. Сорак нажоў на барабане павінны літаральна за некалькі секунд парэзаць цвёрдае сцябло ­разам з лісцем і пачаткамі. Тут жа, падчас уборкі раслін, дадаём кансервант у будучы сілас. На трамбоўку да траншэі вадзіцелі дастаўляюць ужо гатовы паўфабрыкат. Сённяшні маршрут у машын недалёкі – бліжэйшая ферма ў Іваках, таму працэс ідзе хутка. Ад краю да краю поля пра­язджаю, а насыпаецца амаль па чатыры 10-тонныя прычэпы масы. Вось і лічыце, колькі за дзень атрымліваецца.

Наперадзе ў аграрыяў яшчэ тыдні напружанай корманарыхтоўкі, але на выездзе на асфальт заўважаем на суседнім участку трактар з плугамі. Пад радаснае шчабятанне птушак зямля пераварочваецца другім бокам і севазварот пачынаецца зноў.