У нядзелю краіна адзначыць Дзень беларускага пісьменства
У Беларусі яно адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Гэта свята яднае ўсіх, хто шануе беларускую мову і літаратуру, культуру Беларусі ў цэлым.
Упершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным Полацку. Юбілейны, дваццаць пяты па ліку Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прыняў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма «Мая малая радзіма».
У 2022 годзе Дзень беларускага пісьменства прыняў горад Добруш, вядомы з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін.
Сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства стала Ліда. У гэтым старажытным горадзе на Гродзеншчыне захаваўся сярэдневяковы замак-кастэль – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя. Ураджэнцамі Лідскага краю з’яўляюцца яркія асобы беларускай культуры, сярод якіх паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, пісьменнік Віктар Праўдзін і многія іншыя, таленавіты паэт і літаратуразнавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі Валянцін Таўлай.
Удзельнікі і госці свята могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Да Дня беларускага пісьменства рыхтуюцца і ўстановы культуры Добрушчыны. Тут праходзяць тэматычныя лекцыі, дыялогавыя пляцоўкі, інфармацыйныя гадзіны. Бібліятэкары аформілі кніжныя выставы, у цэнтры якіх – творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія адкрываюць перад намі бясконцы свет пісьменства, пашыраюць наш кругагляд.