У Церахоўскай СШ №1 у сярэдзіне мінулага тыдня рамонтныя работы былі выкананы працэнтаў на 95. Ліквідаваны заўвагі з боку санітарна-эпідэміялагічнай службы, абноўлены падлогі і сцены ў кабінетах, параканвектамат для сталоўкі – «у дарозе».
У калідорах яшчэ пахне свежай фарбай, не ўсе шафы і іншая мэбля вярнуліся на свае месцы. І хаця да прыёмкі школы раённай камісіяй часу засталося зусім мала, работнікі ўпэўнены: гэты экзамен здадуць на «выдатна».
– Усе працуюць старанна, бацькі вучняў дапамагаюць рыхтаваць класы, у якіх за парты 1 верасня сядуць іх дзеці, – расказвае дырэктар установы адукацыі Вольга Рудзянкова. – Пашпарт гатоўнасці заўсёды атрымлівалі з першага разу. Традыцыю парушаць не хацелася б.
Маляры, тынкоўшчыкі і агароднікі
Кіраўнік калектыву адзначыла, што падрыхтаваць школу да пачатку заняткаў вельмі важна. Церахоўскую СШ №1 наведваюць каля 260 юных жыхароў гарпасёлка. Калі ў памяшканні зручна, утульна і прыгожа, сама атмасфера спрыяе засваенню ведаў. Так лічаць і педагогі, і тэхнічныя работнікі школы. У дзень нашага візіту жанчыны ў стыльнай уніформе з сурвэткамі, шчоткамі і швабрамі ў руках наводзілі парадак у вучэбных кабінетах пасля касметычнага рамонту, які, дарэчы, самі і рабілі.
– 27 год працую тут «спецыялістам па клінінгу», – расказвае Таццяна Стасевіч. – За гэты час асвоіла практычна ўсе віды малярных работ. Мы, вяскоўцы, умеем усё, што трэба ў гаспадарцы. Нарадзілася ў Церахоўцы, вучылася ў школе нумар два. Люблю дзяцей, стараюся, каб яны адчувалі сябе камфортна. Ад гэтага залежаць настрой і нават здароўе школьнікаў. Хутчэй бы зноў загучалі іх звонкія галасы і радасны смех! За лета вельмі засумавала па звыклых шуму і мітусні.
За размовай Таццяна і яе калегі, адказныя за чысціню, каштоўнага часу не гублялі: да бляску праціралі аконныя шыбы, мылі парты, развешвалі на сценах наглядныя дапаможнікі і прадметы інтэр’еру. Асобная ўвага – памяшканням для першакласнікаў. Нам таксама было цікава зазірнуць у пакой, дзе пасля ўрокаў будуць адпачываць самыя маленькія вучні.Засцеленыя аднолькавымі пакрываламі 24 дзіцячыя ложкі – быццам з казкі Чукоўскага «Тры мядзведзі». Так і захацелася спытаць: а хто будзе спаць на гэтым? Пакуль – сакрэт. Прыём заяў ад бацькоў першакласнікаў яшчэ не завершаны.
Камфорт – справа затратная
Да пачатку навучальнага года хопіць клопатаў і работнікам установы. На прасторнай прылеглай тэрыторыі да верасня з’явяцца новыя клумбы і малыя архітэктурныя формы. У двары трэба таксама абнавіць элементы дарожнай разметкі. А яшчэ сабраць і закласці на захоўванне ўраджай гародніны з прышкольнага ўчастка. Бульба, морква і сталовыя буракі будуць выкарыстоўвацца ў прыгатаванні абедаў для дзяцей. Гэта карысна і больш танна, чым пакупное.
Укладам у эканомію бюджэтных сродкаў стала і фінансавая дапамога апякунскага савета школы. Вольга Рудзянкова прывяла такую лічбу: сёлета за грошы бацькоў для школы набылі лінолеум на суму каля 1300 рублёў. За кожную капейку, сабраную дабрачыннікамі, дырэктар трымае справаздачу на агульных бацькоўскіх сходах.
– Мы ўдзячны нашым памочнікам і за фізічную работу, – падкрэслівае суразмоўніца.
– Улетку, калі частка калектыву ў водпусках, такая падтрымка – на вагу золата. Адну ж справу робім – ствараем бяспечныя і камфортныя ўмовы для нашых дзяцей.