Якія сезонныя стравы любяць жыхары Добрушчыны?

Сёлетняя «гарачая» пара абавязкова адкладзецца ў памяці землякоў. Анамальна халодныя май і чэрвень, два тыдні ліпеня – спёка, далей – дажджы. Але, як расказалі нашы чытачы, на традыцыйным зборы ўраджаю кульбіты надвор’я сказаліся некрытычна. Ёсць на градках і ягады, і гародніна, і яблыкі-грушы даспяваюць. А самае прыемнае – гатаваць са свежанькага сезонную ежу. Якой аддаюць перавагу дабрушане, даведаўся «ДК».

Святлана ЧУЯСАВА, сакратар, Церахоўка:

– Аладкі з кабачкоў! Вельмі іх люблю. Пакуль цукіні маладзенькія, з тонкай скуркай, атрымліваюцца самыя смачныя вырабы.

Рэцэпт мой. Ужо і не памятаю, адкуль пра яго даведалася. Гатуецца страва проста, хутка. А ем абавязкова з халодненькай смятанай.

А вось мае дамашнія – фанаты мясных далікатэсаў. Просяць часцей гатаваць таксама салаты з агуркоў і памідораў. Яны ў нас, вядома ж, дамашнія.

Разам гатуем і марозіва. Яно не такое салодкае, як магазіннае, але гэта і добра. Да таго ж сюды можна дадаць па смаку ягады.

Сяргей ДРУЗЬ, фермер, Церахоўка:

– Мой летні фаварыт – халаднік. Ды каб густы быў, насычана-ружовы.

Люблю яго з малых гадоў. Маці калісьці прывучыла, а пасля жонка таксама стала ўключаць яго ў наш паўсядзённы рацыён. Але толькі летам. З’ясі лыжку-дзве, і жар у целе падае. Хораша так!

Я і сам калі-нікалі магу пабалаваць родных халадніком уласнай вытворчасці. Падабаецца, што рэцэпт нескладаны, доўга варыць і настойваць нічога не трэба. Галоўнае, каб кефір быў добрай якасці, не вельмі кіслы. Усе інгрэдыенты змяшаў, кроп дадаў – і прыемнага апетыту!

Таццяна ШКУРАТАВА, спецыяліст па сацыяльнай рабоце, Добруш:

– Калі пачынаюцца спякотныя дзянькі, гатую для сябе і сям’і халодныя супы. Больш за ўсё падабаецца варыянт на кефіры. Ведаю, некаторыя і з квасам робяць, але гэта – не маё.

Рэцэпт стравы дала мне маці. Сказала: «Гэты – лепшы!». Паспрабавала і зразумела: так і ёсць.

Таксама ў ліпені – жніўні заўсё­ды ласуюся кавунамі, варанай кукурузай з соллю, дамашнімі ліманадамі. З апошняй катэгорыі раю безалкагольны махіта. Смаката!