Гаспадаркі Добрушчыны прыступілі да ўборкі зерневых

Камбайнеры сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» раніцай аўторка чакалі добрага надвор’я. Нягледзячы на яркае і спякотнае сонейка ў Пераросце, тэхніка з мехдвара не рухалася.

– Чакаем заканчэння дажджу ў Крупцы, дзе і плануем распачаць уборку азімага ячменю, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Даніла Рудзянок. – На сваіх палетках з 342 убралі 170 гектараў ячменю, прызначанага для насення на наступны год. Сартуем, сушым зерне і рыхтуем для закладкі. Аналагічна патрэбна зрабіць і на суседніх палетках.

Па словах спецыяліста, надвор’е па-ранейшаму ставіць палкі ў колы. Адно поле, значна пашкоджанае апошнім градам, дала каля 25 цэнтнераў з гектара, на непашкоджаным сярэдні намалот дасягае 35 цэнтнераў.

– Патрэбна спяшацца, – дадае ён. – Вільготнасць зерня месцамі складае 16 працэнтаў, яшчэ тыдзень спякоты – і яно пачне асыпацца.

У пачатку тыдня ўборку зерневых распачалі ўсе гаспадаркі раёна. У лідарах – «Завідаўскае», агракамбінат «Новы шлях», «Калінінскі». Найбольшая ўраджайнасць у «Кузьмінічах», дзе на круг збіраюць амаль па 40 цэнтнераў і ўжо абмалацілі 85 гектараў ячменю з 200. У цэлым на раніцу аўторка ў раёне намалочана больш за 2,7 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 27,1 цэнтнера з гектара. Убрана больш за чвэрць плошчаў гэтай культуры.

– Ёсць спраўная тэхніка, людзі, паліва, а галоўнае – жаданне механізатараў працаваць, – рэзюмуе суразмоўнік. – Ячмень – маленькае выпрабаванне пасля зімы, на якім правяраецца якасць рамонту тэхнікі. Наперадзе – рапс, яравыя зерневыя. Будзем выкарыстоўваць кожную хвіліну спрыяльнага надвор’я.