За што дабрушане любяць Беларусь

Мы аб’ехалі не адзін населены пункт раёна, каб задаць жыхарам Добрушчыны важнае пытанне: «За што вы любіце сваю краіну?» І вось якія адказы пачулі.

Таццяна БРАХУНЦОВА, сакратар:

– Як жа яе не любіць? Жывём на мірнай зямлі, з выдатным лідарам, маем годныя заробкі.

Усё ў нас добра. Не ідэальна, як у кіно, але на добрым узроўні. Напрыклад, возьмем добраўпарадкаванне. У цэлым і малыя куточкі, і райцэнтры ў нас прыбраныя, ахайныя. А пра абласныя цэнтры і сталіцу ўвогуле маўчу. Нават турысты з іншых краін адзначаюць парадак у Беларусі як тое, чым у нас варта ганарыцца. І, каб так заставалася далей, нават бягучы год вызначылі Годам добраўпарадкавання. Плённая ініцыятыва!

Віктар ГУШЧЫН, пенсіянер:

– Люблю Беларусь, таму што нарадзіўся тут, у Церахоўцы, вырас, атрымаў прафесію. Ды і ёсць з чым параўнаць.

Так здарылася, што некаторы час працаваў у Расіі. Былі і магчымасці, і падставы застацца там назаўжды. Але я не захацеў. Думаю, менталітэт іншы.

Яшчэ мне падабаецца, што ў нашым краі так дагледжана. Кожны куточак палеткаў, будынак, аб’ект мае гаспадара. На трасах і аўтобусных прыпынках не пабачыш смецця пад лавачкамі. Людзі вясной і ўвосень выходзяць на суботнікі, сваімі рукамі робяць прастору вакол сябе ўтульнейшай.

Наталля ЛАГУЦЕНКА, дачніца:

– На гэтай зямлі я стала такой, якая ёсць. Яна сфарміравала мой светапогляд, маё паняцце добрага і дрэннага, маё разуменне сэнсу жыцця. Як карэнная беларуска імкнуся да спакойнага, размеранага побыту, паважаю старэйшае пакаленне, стараюся прывіць патрыятызм сваім дзецям. Як гэта робіць Прэзідэнт.

Таксама люблю нашу краіну за смачныя прадукты харчавання. Хаця, здаецца, за што б мы ні ўзяліся, усё атрымліваецца на высокім узроўні.

Руслан МЕЛЬНІКАЎ, намеснік дырэктара:

– За стабільнасць, упэўненасць у тым, што жыхары пад аховай дзяржавы, што няма вайны.

Люблю прыгажосць айчыннай прыроды, яе разнастайнасць. Якія цудоўныя мясціны «хаваюцца» на Палессі, вакол возера Нарач, колькі замкаў, сядзіб, музеяў адкрыта для землякоў. Толькі падарожнічай!

І, што немалаважна, Беларусь – сацыяльна арыентаваная рэспубліка. А значыць, у кожны з важных момантаў свайго жыцця ты атрымаеш выплату ці іншую падтрымку. Ты ведаеш, што патрэбен на сваім працоўным месцы і ў сваім раёне.

Аляксей КАРЖОЎ, сістэмны адміністратар:

– Тут я нарадзіўся, вучыўся і знайшоў стабільную работу. Па-першае, у нашай краіне бясплатныя адукацыя і медыцына. Так, ёсць платныя паслугі, але гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з замежнымі аналагамі, дзе нават хуткую не выклікаюць, калі ў кішэні няма крэдытнай карткі. А я ведаю: мяне выратуюць пры любых абставінах.

Па-другое, тут ёсць што пагля­дзець, як выдатна адпачыць. Мноства санаторыяў, аграсядзіб, спартыўных аб’ектаў… Выбірай, што па душы.