Мы сустрэліся з нашай гераіняй і яе сям’ёй на штодзённай абавязковай прагулцы. Шоргат залатога лісця пад нагамі, ціхае рыпанне дзвюх калясак. З адной восеньскі сквер разглядае маленькая Ксенія, з іншай – яе брат Багдан.
– Калі нам з мужам Ігарам сказалі, што чакаю каралеўскую двойню, у нас ужо быў старэйшы сын Цімур, – расказала гараджанка. – Дарэчы, мы былі навіной ашаломлены (такі нечаканы сюрпрыз!), а вось ён літаральна скакаў ад радасці.
Як раз Цімур і стаў маміным галоўным памочнікам: з малымі і пагуляе, і кніжкі ім пачытае. А тыя брата ўважліва слухаюць. Нават адказваць спрабуюць, але ў дзевяць месяцаў гэта атрымліваецца толькі ўсмешкамі ды актыўным лепетам.
Частыя госці ў Брахунцовых і бабулі з абодвух бакоў. Алеся, абапіраючыся на сучасныя тэрміны, называе іх «уключанымі» і дзякуе за актыўную дапамогу.
– З такімі і шматдзетнымі можна быць, – жартуе маладая жанчына. – Але, вядома, асноўная «праца» ў выхаванні – маміна. Таму мамы павінны быць цярплівымі, актыўнымі, шматзадачнымі. Менавіта гэтыя якасці характару, на мой погляд, дапамогуць спраўляцца з рознаўзроставай «кампаніяй». Ды і характары ў маіх маленькіх неаднолькавыя: старэйшага трэба выслухаць, малодшага – заняць, ён у нас хоць і немаўля, але сур’ёзны чалавек. А вось Ксюша – ласкавая, як коцік. Дзяўчынка!
І гэта няпроста, прызнаецца суразмоўніца, быць мамай, быць жонкай, быць жанчынай. Але дзеці даюць ёй галоўнае – упэўненасць, што ты заўсёды патрэбная і любімая. Кожны дзень, кожную хвілінку.
фота Яўгена УСТІНАВА
